У Пінску зноў на плошчу выйшлі людзі (абноўлена)



З Пінску перадае наш карэспандэнт Пятро Савіч:

– На гэтую гадзіну ў Пінскім ГАУСе знаходзіцца толькі Дзмітрый Тарасюк, бо ў яго быў выклік на 16.15 у міліцыю да ўчастковага інспектара. Усе астатнія з плошчы разышліся. Спрабуюць з Дзмітрыем кантактаваць, падтрымліваць яго… Адзначаюць, што такога нідзе не было, прынамсі ў тых гарадах, дзе былі акцыі пратэсту, каб міліцыя нейкім чынам прыслухоўвалася да пратэстоўцаў, ішла на нейкі дыялог. Тое, што адбылося ў Пінску, калі пагадзіліся, каб былі нейкія дэлегацыі з пінскай плошчы, каб не было затрыманых. І на сённяшні момант вядомае толькі тое, што як бы не абяцалі пінскія праваахоўнікі, але, на жаль, пяць амапаўцаў падалі заявы на тое, што нібыта пінскія актывісты пашкодзілі ім уніформу, абражалі іх. Супраць пяці пратэстоўцаў, а гэта Ігар Салавей, Алесь Рамановіч, Дзмітрый Тарасюк, Ігар Петрушковіч і пяты невядомы чалавек – супраць усіх іх заведзенае адміністрацыйнае правапарушэнне. І як выказаўся Алесь Рамановіч, хутчэй за ўсё будзе пэўная адказнасць за гэта, бо гэта не можа проста так прайсці, значыць, будзе нейкая адміністрацыйная працэдура. Таму вось такая сітуацыя. З аднаго боку старшыня Пінскага ГАУС паабяцаў, што не будзе пераследу, а з іншага боку амапаўцы падалі свае рапарты.

***

У Пінску пратэстоўцы і праваахоўнікі знайшлі кампраміс. Пасля таго, як АМАП затрымаў чальца Партыі БНФ Алеся Рамановіча, грамадскіх актывістаў Ігара Салаўя і Дзмітрыя Тарасюка, людзі запатрабавалі іх вызваліць альбо затрымаць усіх. Удзельнікі акцыі паабяцалі начальніку Пінскага ГАУСа, што тады не разыйдуцца і будуць ночыць на плошчы.

Пасля гэтага, праваахоўнікі выпусцілі Алеся Рамановіча і Ігара Салаўя, а Дзмітрыя Тарасюка пакінулі ў аўтазаку, бо ў яго не было пры сябе аніякіх дакументаў. Тады людзі прапанавалі, каб з Тарасюком паехала два прадстаўніка пінскай Плошчы і пасля высвятлення асобы, яго адпусцяць пад словы дэлегатаў пінскай Плошчы. Міліцыя на гэта пагадзілася.

Таксама аднаму з удзельнікаў стала кепска і яму выклікалі хуткую. У суправаджэнні з ім паехала два праваахоўніка. Людзі разыйшліся, начальнік Пінскага ГАУСа Валерый Сарочанка паабяцаў, што ніякага пераследу больш не будзе.

***

У Пінску, а 12-й гадзіне, на цэнтральнай плошчы Леніна пачалі збірацца гараджане на заклік да салідарнасці з затрыманымі падчас Дня волі ў Менску і супраць Дыкрэту №3. Прыблізна да 60 чалавек на тым жа месцы, што і на акцыю, якая адбылася ў горадзе над Пінай 11-га сакавіка.

Да натоўпа, падыйшлі супрацоўнікі міліцыі, як бы ўзялі ў кола і прапанавалі альбо разыйсціся, альбо прайсці ў Пінскі гарадскі выканаўчы камітэт, каб пагутарыць наконт працаўладкавання ці іншых хвалюючых пытанняў. Людзі не задаволеныя такімі прапановамі. Праваахоўнікі паспрабавалі затрымаць удзельніка, які фатаграфуе, але не атрымалася.

Людзі выказваюць салідарнасць з Менскам, з усемі затрыманымі. Асуджаюць дзеянні міліцыі.

На плошчу прыехала два аутазакі АМАПу, міліцыя зноў прапаноўвае рызысціся. Папярэдне вядома, што ўсё ж аднаго ўдзельніка міліцыя затрымала. Нявядомая сітуацыя яшчэ з некалькімі людзьмі.

Пятро Савіч, Радыё Рацыя, Пінск