У Пінску зноў запрацаваў судовы канвеер



Па 50 базавых штрафу (1350 рублёў) атрымалі праваабаронцы Вераніка Іванова і Алесь Рамановіч. Іх пакаралі за тое, што нібы 18 кастрычніка ў гістарычным цэнтры Пінску на пешаходнай вуліцы яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсці.

Па словах Алеся Рамановіча, у той дзень не было аніякіх палітычных мерапрыемстваў:

– Ні ў якім разе я не згодны з прысудам, таму што гэта мы проста гулялі. Ніякай сімволікі не было, ніякіх лозунгаў не было. Проста па словах падпалкоўніка Хрысцюка, людзі, якія адносяць сябе да апазіцыі, удзельнічалі ў шэсці. Па-першае, ніякага шэсця не было, там проста людзі па двое, па пяць чалавек, было і дзесяць чалавек, проста гулялі туды-сюды, каву пілі, сядзелі.

Ад пачатку паслявыбарчых пратэстаў гэта ўжо чацвёрты суд над Алесем Рамановічам, агульная сума штрафу 2970 рублёў. Аналагічная сітуацыя і ў Веранікі Івановай, толькі большая агульная сума штрафу – 3240 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя