У Полацку БАЖ правёў семінар-трэнінг



Семінар-трэнінг па доступе да інфармацыі з выкарыстаннем механізмаў Закона аб зваротах грамадзян прайшоў у Полацку. Яго зладзіла для полацкіх і глыбоцкіх журналістаў, а таксама ўсіх зацікаўленых асобаў полацкая суполка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. У якасці трэнераў выступілі юрысты Генадзь Воранаў і Марына Яфімава.

Як кажа Генадзь Воранаў, журналісты павінны даносіць да чытача дакладную інфармацыю. І калі яны маюць пісьмовы дакумент з дзяржаўнай установы, гэта стоадсоткавая гарантыя таго, што спрацавалі прафесійна і такім чынам данеслі да спажыўца дакладную і своечасовую інфармацыю.

– Мы з Марынай простымі словамі, простымі схемамі паспрабавалі паказаць, як працуе механізм атрымання інфармацыі ад дзяржоргана, калі журналіст выступае не як журналіст, а менавіта як грамадзянін, фізічная асоба. І калі людзі разыходзіліся, беручы з сабой раздадзены матэрыял і загатоўкі, яны разумелі, што яго напаўненне будзе залежыць ад канкрэтных жыццёвых сітуацый.

Падчас семінара ўдзельнікі атрымалі прававыя веды, практычныя парады юрыстаў па складанні зваротаў, скаргаў і заяў у дзяржустановы і суды. Разгледзілі Указ аб дадатковых мерах у працы са зваротамі грамадзян, механізм адміністрацыйных працэдур і прынцып “Адно акно”. А таксама даведаліся пра нормы адказнасці заяўнікаў і службовых асобаў за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі