У Полацку ліквідаваны цэнтр „Адвакацыя”



Полацкі райвыканкам па прадстаўленні пракуратуры раёна ліквідаваў Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва „Адвакацыя”.

У паведамленні пракуратуры гаворыцца, што ў ходзе вывучэння рахункаў установы былі ўстаноўлены факты паступлення сродкаў ад рэзідэнтаў Літвы. Заснавальнік і дырэктар установы растлумачыў, што цэнтр аказваў паслугі кансультавання па пытаннях камерцыйнай дзейнасці ў Беларусі дабрачыннаму і спонсарскаму фонду „Forum Syd Baltika”, фонду дабрачыннасці і падтрымкі „ForumCiv Eastern Europe”, піша REFORM.by.

Пракуроры паглядзелі ў Інтэрнэт і даведаліся, што гэтыя фонды вылучаюць гранты і «падтрымліваюць грамадскія групы і ініцыятывы, якія працуюць у галіне дэмакратыі, правоў чалавека, абароны навакольнага асяроддзя і гендарнай роўнасці».

Летась заснавальнік Цэнтра прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

У выніку пракуроры прыйшлі да высновы, што ўстанова „Адвакацыя” фінансавалася замежнымі дабрачыннымі фондамі, якія імкнуліся паўплываць на палітычную абстаноўку ў краіне. Гэта і паслужыла падставай для ліквідацыі.