У Полацку зноў судзяць “за незалежнасць”



У судзе Полацка і Полацкага раёну працягваюцца суды над удзельнікамі акцыі ў падтрымку незалежнасці, якая адбылася яшчэ 4 студзеня.

Суддзя Віктар Баліка аштрафаваў палачаніна Вячаслава Бойку на 10 базавых велічынь (270 рублёў).  З тым, што яго прызналі ўдзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства, Віктар Бойка не згодны:

– З якой гэта пары ў нас забаронена выходзіць на вуліцу, і казаць усё, што ты думаеш? Выражаць свае меркаванні, нікому не замінаючы? Я жыву ў Полацку ўсё жыццё, але толькі зараз такія часы насталі, што мы ў сябе дома не можам рабіць таго, што лічым патрэбным. Гэта нейкае дзікунства! Сярэднявечча!

Вячаслава Бойку пакаралі за тое, што ён быў  у ліку людзей, якія сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору, склаўшы слова “Незалежнасць” з раздрукаваных асобных літар. 20-га лютага за тое самае аштрафавалі Яўгена Вільскага і Анатоля  Пракапенку, прысудзіўшы абодвум па 10 базавых велічынь штрафу. На працягу студзеня аштрафавалі Святлану Аглушэвіч, Яўгена Парчынскага, Вячаслава Парчынскага, Юрыя Касача, Ігара Валяева і Андрэя Зуева – яму прысуджаны самы вялікі штраф памерам 30 базавых велічынь (810 рублёў). Большасць  пакараных “за незадежнасць” на суды не хадзіла з прынцыповых меркаванняў, кажа Яўген Вільскі:

– Няма ніякага сэнсу хадзіць на гэтыя працэсы —  цябе ніхто не слухае, загадзя ўсё вырашана. Вось мы сёння назіралі чарговае тое самае: што чалавек ні казаў, суддзя ўсё адно не прыняў гэтага да ўвагі і зачытаў загадзя падрыхтаванае рашэнне. Які сэнс на такія працэсы хадзіць і ўдзельнічаць?

Адміністрацыйны пратакол, складзены паводле артыкула 23.34 КоАП на Віктара Стукава, суд разглядаць не стаў: дакументы накіравалі на дапрацоўку ў міліцыю. І яшчэ некалькі чалавек чакаюць, пакуль судовыя пастановы ім дашлюць па пошце. Яны таксама адмовіліся ісці ў суд, бо не вераць у справядлівасць беларускага правасуддзя.

Беларускае Радыё Рацыя, Полацк