У польскіх дзеячоў культуры беларускія мытнікі пільна праглядалі кнігі



На беларуска-польскай мяжы затрымалі для аналізу літаратуру ў групы польскіх дзеячоў, якія ехалі з афіцыйным візітам у Беларусь. Дырэктарка беластоцкага драмтэатра Агнешка Карыткоўская-Мазур, журналіст Мацей Халадоўскі, дырэктар дэпартаменту культуры маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства Анатоль Вап, якія накіроўваліся ў Гародню і Менск на шэраг культурніцкіх сустрэч дзеля абмеркавання планаў супрацоўніцтва з беларускімі калегамі. Разам з імі едзе старшыня фонда „Villa Sokrates” Павел Грэсь, які і распавёў пра інцыдэнт на мяжы.

– Забралі кнігі і правяралі паўгадзіны, ці 40 хвілінаў. Адна кніга пра сучаснае мастацтва ў Польшчы, пра авангард у 70-х гадах. Гэта для іх было цікавым, што ў Беларусь увозім такую кнігу. А таксама альманах “Аннус Альбарутэнікус”, 7 „Ніваў” і таксама іншыя кнігі. Кнігі вярнулі. Але сказалі, каб наступным разам менш увозілі літаратуры ў Беларусь.

Уся затрыманая літаратура была вернутая беларускімі мытнікамі. Зараз дэлегацыя накіроўваецца ў Беларусь, кажа Павел Грэсь.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя