У пракуратуру накіраваная скарга на дзеянні міліцыянта ў адносінах 12-гадовай дзяўчынкі



Жыхарка Берасця звярнулася ў Генеральную пракуратуру. Яна паскардзілася на неправамерныя дзеянні супрацоўніка Маскоўскага РАУС у адносінах да яе 12-гадовай дачкі.

Супрацоўнік міліцыі двойчы апытваў непаўнагадовую адзін на адзін, патрабуючы ў яе прызнання, што яна скрала тэлефон у сваёй знаёмай або яго знайшла. Першы допыт ён праводзіў дома, другі – 1 верасня ў школе, у прысутнасці педагога, якая не абараніла вучаніцу ад незаконных дзеянняў міліцыянта.

Не даў магчымасці дзяўчынцы пазваніць сваім блізкім ці адвакату, з якім мама заключыла дамову і дзяўчынка мела яго візітку. Дома ёй стала дрэнна і прыйшлося выклікаць хуткую. Такія дзеянні ў дачыненні да дзіцяці з боку супрацоўніка міліцыі недапусцімы, лічыць праваабаронца Раман Кісляк:

Гэта яўнае парушэнне правоў непаўнагадовай і гарантый абароны непаўнагадовых ад ціску на ніх. Лічу, што міліцыя і пракуратура павінны правесці належнае расследванне дадзенага факту і прыняць меры, каб у будучыні падобнае не паўтарылася.

Жанчына патрабуе пачаць супраць супрацоўніка міліцыі крымінальную справу па факце незаконнага пераследу непаўнагадовай дачкі. А таксама паставіць на від начальніку Маскоўскага РАУС аб недапушчэнні такіх дзеянняў супрацоўнікамі РАУС у адносінах да непаўнагадовых.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя