У праваслаўных вернікаў пачаўся Вялікі пост



Праваслаўныя вернікі сёння, 2 сакавіка, уступаюць у самы галоўны і строгі Вялікі пост, які завершыцца 19-га красавіка. Вялікі пост доўжыцца сем тыдняў перад Вялікаднем і складаецца з саракадзённага і посту Страсной сядміцы. Кожны перыяд мае свой сэнс і асаблівасці.

“Самае галоўнае ўстрыманне – духоўнае”, – адзначае пратаірэй Вячаслаў Пташынскі:

– Перадусім на галоўным месцы стаіць пост духоўны, калі мы спрабуем заўважыць у сабе нейкую страсць, якая нас точыць, і ўсе сілы накіраваць на збаўленне ад гэтай страсці. І кулінарны пост з’яўляецца толькі дапаможным сродкам, які нагвадаем нам, што мы праз барацьбу з нашымі страсцямі маглі дасягнуць сапраўднай мэты.

„Устрымлівацца ад усяго таго, што раніць сэрца чалавека”, – кажа святар Аляксандр Балоннікаў, настаяцель царквы святых Барыса і Глеба ў Гародні:

– Увесь пост, усе малітвы, устрыманне ад ежы, ад таго вяселля, якое звычайна бывае – гэта ўсё павінна дапамагчы чалавеку зразумець, што не ўсё ў яго ўладзе, усё ва ўладзе Божай. Праз разуменне сваёй немачы чалавек таксама прыходзіць да Бога.

Першы тыдзень Вялікага посту адрозніваецца асаблівай строгасцю. У першыя чатыры дні на вячэрнім богаслужэнні чытаецца Вялікі пакаянны канон святога Андрэя Крыцкага. У пятніцу, па заканчэнні ранішняга набажэнства, адбываецца асвячэнне куцці ў памяць пра вялікамучаніка Фёдара Цірона.

Беларускае Радыё Рацыя