У пункце пропуску «Прывалка» абмяжуюць рух транспарту



У нядзелю, 15 ліпеня, у пункце пропуску «Прывалка» на беларуска-літоўскай  мяжы будзе абмежаваны рух транспартных сродкаў. Гэта звязана з правядзеннем міжнароднага лёгкаатлетычнага марафону «Друскінінкай – Гародня 2018».

Рух транспарту праз «Прывалку» на ўезд у Беларусь будзе абмежаваны з 8:30 да 14:00, папярэджваюць у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. У ведамстве раяць аўтамабілістам улічваць гэтую інфармацыю пры планаванні перасячэння беларуска-літоўскай мяжы.

Акрамя таго, 15 ліпеня да 14:00 будзе абмежаваны рух аўтамабіляў на дарозе па маршруце: пункт пропуску «Прывалка» – вёска Гожа – вёска Зарыца – горад Гародня.