У Рагачоўскім раёне паводкавыя воды падтапілі каля дзясятка падворкаў



Падчас правядзення маніторынгу паводкавай абстаноўкі ў Рагачоўскім раёне 4 студзеня работнікі МНС устанавілі, што паводкавыя вады ад ракі Друць падтапілі восем падворкаў у Рагачове на дзвюх вуліцах і адным завулку, паведамілі БелаПАН у Гомельскім абласным упраўленні МНС.

Адлегласць да жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў складае 10—40 метраў, глыбіня падтаплення — ад 5 да 30 см. У домаўладаннях пражывае 16 чалавек. Эвакуацыя жыхароў падтопленых падворкаў і жывёл не патрабуецца. Жыццядзейнасць не парушаная. Ратавальнікі штодня сочаць за паводкавым становішчам у раёне.

У МНС дадалі, што па стане на 4 студзеня ўзровень вады ў Дняпры ў раёне гідрапаста ў Жлобіне павысіўся да 287 см.

Як паведамлялася раней, раніцай 4 студзеня ўзровень вады ў рацэ Случ каля вёскі Ленін Жыткавіцкага раёна вырас да 252 см, а дажджавыя воды з боку лесу падтапілі ў вёсцы шэсць падворкаў. У Петрыкаўскім раёне ўзрос узровень вады ў рацэ Пціч, што прывяло да павелічэння даўжыні падтаплення ўчастка аўтадарогі Лучыцы — Хвойня да 155 метраў, а глыбіні — да 40 см. Дарога часова зачыненая для легкавога транспарту. Такім чынам, падтапленні паводкавымі водамі зафіксаваныя ўжо ў трох раёнах Гомельскай вобласці.

belapan.by