У Расею высланы чачэнец, які спрабаваў атрымаць статус бежанца ў Беларусі



З Беларусі на радзіму высланы чачэнец, які спрабаваў атрымаць у рэспубліцы статус бежанца.

Як паведамляе місія Human Constanta ў Брэсце, мужчына прыехаў у горад 21 сакавіка і некалькі разоў наведваў польскі пункт памежнага пропуску „Цярэспаль”, каб падаць заяву аб атрыманні прыстанку ў Польшчы, аднак польскія памежнікі не прынялі ў яго дакументы.

13 красавіка чачэнца затрымалі ў Берасці на падставе таго, што ён абвешчаны Расеяй у міждзяржаўны вышук (СНД). У той жа дзень аддзел па грамадзянстве і міграцыі Ленінскага раёна Берасця прыняў рашэнне пра высылку мужчыны ў прымусовым парадку і яго затрыманні ў сувязі з высылкай.

20 красавіка чачэнец звярнуўся з хадайніцтвам аб даванні яму статусу бежанца ў Беларусі, заяўляючы, што на радзіме яго неаднаразова катавалі і ён паехаў адтуль з-за боязі зноў быць катаваным.

Высылка рграмадзяніна Расеі была прыпыненая на час разгляду звароту.

18 жніўня Беларусь адмовіла яму ў даванні статусу бежанца. 23 жніўня ён атрымаў гэтае рашэнне, і ў яго было 15 дзён на абскарджанне, якія скончыліся 7 верасня.

6 верасня ў Берасці адвакат грамадзяніна РФ прыйшла да яго ў ізалятар часовага ўтрымання, каб падпісаць і накіраваць скаргу на рашэнне аб адмове ў статусе бежанца. Там ёй паведамілі, што напярэдадні ён быў высланы.

Юрысты Human Constanta, якія лічаць, што грамадзянін высланы незаконна, маюць намер звярнуцца ў пракуратуру для ініцыявання праверкі.