У рацэ Мухавец у Берасці знайшлі мядузаў



Прэснаводныя мядузы, якіх на днях выявілі ў акваторыі берасцейскага Вяслярнага канала, таксама ўпадабалі і раку Мухавец, – паведамляе TUT.BY.

Пакуль не вызначана, як прэснаводная мядуза, радзіма якой – Паўднёвая Амерыка, патрапіла ў Берасце. Спецыялісты вылучылі некалькі версій. Паводле адной з іх, мядузаў у вадаём мог выпусціць акварыуміст, які займаўся іх развядзеннем. Паводле другой версіі, “госцю” да нас прывезлі на лодках спартоўцы з іншых краінаў. Трэцяя версія трапляння ў нашы вадаёмы жывёлы – праз трапічныя расліны.

Як падкрэсліваюць спецыялісты, незвычайныя для нашай краіны “госці” не небяспечныя і выконваюць функцыю санітараў вадаёмаў.

Мядузы пераборлівыя ў выбары месцаў пасялення, таму іх пасяленне сведчыць пра даволі добры стан вады.  Дарэчы, акрамя мядузаў, у водах Вяслярнага канала жыве яшчэ і амерыканскі паласаты рак.