У рэанімацыі застаюцца двое з шасці пацярпелых у ДТЗ пад Камянцом



Двое з шасці пацярпелых у ДТЗ пад Камянцом украінскіх школьнікаў па-ранейшаму знаходзяцца ў рэанімацыі, іх стан стабільна цяжкі. Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Берасцейскай абласной бальніцы Вячаслаў Гаўрыленка.

„16 траўня з рэанімацыі перавялі двух школьнікаў. Аднаго — у хірургічнае аддзяленне, другога — у ЛОР-аддзяленне, — дапоўніў ён. — 14 і 15 траўня з рэанімацыі ў нейрахірургічнае аддзяленне былі пераведзеныя двое ўкраінскіх школьнікаў. Стан гэтых чатырох пацярпелых сярэдняй ступені цяжкасці” .

Паводле слоў Гаўрыленкі, ва ўсіх шасці пацыентаў адмоўнай дынамікі няма.

Як паведамлялася, аварыя адбылася 13 траўня каля 7.00 на 54-м кіламетры аўтадарогі Р98 Пясчатка — Камянец — Шарашова — Свіслач непадалёк ад вёскі Мартынюкі. Кіроўца мікрааўтобуса „Рэно-Майстар” учыніў спадарожнае сутыкненне з пагрузчыкам „Амкадор”.

У выніку загінуў 12-гадовы хлопчык, які знаходзіўся на пярэднім пасажырскім сядзенні „Рэно”. Шасцярых дзяцей (чацвёра 2004 года нараджэння і двое — 2003-га) з траўмамі рознай ступені цяжкасці даставілі ў Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу. Усе дзеці і кіроўца „Рэно” — грамадзяне Украіны.

Увечары 13 траўня Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што дзіця, якое знаходзілася ў вельмі цяжкім стане, было прааперавана ў Камянцы. Для гэтага з Берасця ў райцэнтр прыбыла брыгада медыкаў у складзе нейрахірурга, траўматолага, рэаніматолага і іншых спецыялістаў. З Менска прыбылі дзіцячы траўматолаг, нейрахірург і дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг.

У сувязі з тым што хлопчык атрымаў спалучаную траўму, у аперацыйнай працавала некалькі брыгад урачоў. Дапамога яму аказана ў поўным аб’ёме, пасля стабілізацыі стану дзіця пераведзена ў Берасцейскую абласную бальніцу.

Як адзначалася ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя, пяць школьнікаў былі перавезены ў Берасце крыху раней. Ва ўсіх пацярпелых дыягнаставаны чэрапна-мазгавыя траўмы рознай ступені цяжкасці, а таксама пераломы і вывіхі.

У Берасце прыехалі сваякі пацярпелых у аварыі ўкраінскіх дзяцей.

Упраўленнем Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці распачата справа па ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека). 42-гадовы кіроўца мікрааўтобуса, жыхар горада Сумы, які перавозіў дзіцячую футбольную каманду, затрыманы. Вырашаецца пытанне аб прымяненні ў дачыненні да яго меры стрымання.

Устаноўлена, што „Рэно”, які трапіў у аварыю, быў у ліку чатырох транспартных сродкаў, што перавозілі дадому ва Украіну падлеткаў, якія ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах у Польшчы. Тры іншыя мікрааўтобусы абагналі той жа пагрузчык „Амкадор” раней без здарэнняў, пра што сведчаць паказанні іх пасажыраў.

У рамках расследавання крымінальнай справы дапытваюцца сведкі і відавочцы, прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку для ўстанаўлення тэхнічнага стану транспартных сродкаў.