У рэдакцыю „Ганцавіцкага часу” прыйшлі сілавікі



У рэдакцыю рэгіянальнага выдання „Ганцавіцкі час” прыйшлі сілавікі. Прадстаўнікі якога менавіта ведамства прыйшлі ў рэдакцыю і з якой мэтай, невядома.

Пакуль не вядома, прыйшлі ў рэдакцыю „ГЧ” з ператрусам, або аглядам, або па іншай прычыне. Таксама, не вядома, прадстаўнікі якой структуры наведаліся ў рэдакцыю, піша Першы Рэгіён.

Папярэдні раз у рэдакцыю «Ганцавіцкага часу» прыходзілі 5 кастрычніка гэтага года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Тады забралі некаторую кампутарную тэхніку, якую не вярнулі дагэтуль.

Увогуле за апошні год у рэдакцыі і ў асобных супрацоўнікаў прайшло ўжо больш за 15 ператрусаў. У лістападзе КДБ нават вярнуў канфіскаваную ў рэдакцыі і журналістаў тэхніку — 7 сістэмных блокаў камп’ютараў і некалькі манітораў. За апаратурай прыйшлося ехаць у аддзел КДБ у Лунінцы.

А 30 лістапада брэсцкая друкарня паведаміла, што адмаўляецца друкаваць газету «Ганцавіцкі час» у 2022 годзе.