У рэгіёнах спрабуюць аднавіць планавую меддапамогу



У рэгіёнах спрабуюць аднавіць планавую меддапамогу, як патрабаваў Лукашэнка. Каля 250 ложкаў плануюць да канца тыдня вярнуць профільным хворым у Гомельскай вобласці, паведамляе БЕЛТА.

Гаворка ідзе пра месцы і аддзяленні, якія ў рэгіёне былі перапрафіляваныя для пацыентаў з COVID-19. Для аказання дапамогі такім пацыентам у цяперашнюю хвалю каранавіруса ў рэгіёне цяпер задзейнічана 5 тысяч 760 ложкаў, або амаль 40% ад агульнай колькасці месцаў у стацыянарах. Каля двух тыдняў таму Лукашэнка падчас нарады, прысвечанай сітуацыі з каранавірусам, запатрабаваў не адмяняць у краіне аказанне планавай меддапамогі.

„Ніякай адмены планавых маніпуляцый, аперацый, кансультацый быць не павінна”, — распарадзіўся ён. На мінулым тыдні пра выкананне гэтага патрабавання зрабілі справаздачу чыноўнікі ад медыцыны ў Берасцейскай вобласці. У мясцовай абласной клінічнай бальніцы вырашылі вярнуць да звычайнай працы 4 з сямі аддзяленняў, разгорнутых у клініцы пад кавідных хворых. Пры гэтым скарачэння пацыентаў з COVID-19 у Берасцейскай вобласці на пачатак тыдня не назіралася.