У роднай вёсцы генерала Мальцава засталося 7 жыхароў



Вёска Вяценеўка – адна з аддаленых вёсак Слонімскага раёна. У ёй 29 жніўня 1949 года нарадзіўся Леанід Мальцаў – ваенны і дзяржаўны дзеяч Беларусі, якога двойчы Аляксандр Лукашэнка прызначаў міністрам абароны Рэспублікі Беларусь. З роднай вёскі Вяценеўка Леанід Мальцаў пайшоў вучыцца ў Менскае сувораўскае вучылішча, а потым – у Кіеўскім вышэйшым агульнавайскавым вучылішчы, скончыў яшчэ ваенную акадэмію.

Пра тое, што ў вёсцы Вяценеўка нарадзіўся былы міністр абароны, нават няма каму сёння прыгадаць. У вёсцы Вяценеўка цяпер засталося толькі 7 жыхароў, з іх  – 4 пенсіянеры. Пра гэта нашаму карэспандэнту паведаміў Іван Ігнацьевіч, які з жонкай і дачкой жывуць у далёкай слонімскай вёсцы. Івану Ігнацьевічу споўнілася 76 гадоў, ён трымае вуллі з пчоламі, невялікую хатнюю гаспадарку. “Ці ведаеце вы, што ў вашай вёсцы нарадзіўся Леанід Сямёнавіч Мальцаў?” – пытаюся ў Івана Ігнацьевіча. “Ведаю, але хаты яго ўжо ў Вяценеўцы даўно няма. Ды пару хат тут засталіся, дзе жывуць людзі, астатнія пустыя, нават летам іх пад дачы не хочуць людзі тут мець , бо далёка ад горада”, —  кажа старэйшы жыхар Вяценеўкі.

І сапраўды, Вяценеўка сёння – вёска пустых хат. Хаты сумныя, многія стаяць без вакон і дзвярэй, надворкі зараслі кустамі, студні асыпаліся, платы пагнілі.

А сто гадоў таму ў Вяценеўцы  пражывалі каля 300 жыхароў, а гадоў пятнаццаць таму – усяго 23. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў і з мапы Слонімшчыны знікне Вяценеўка – радзіма генерала-палкоўніка Леаніда Мальцава. Нават на прыдарожным указальніку назва вёскі напісана па-рознаму – Вяценеўка і Вяценяўка.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.