Cвята сям’і ў росіцкім касцёле



У Росіцы, што ў Верхнядзвінскім раёне, адзначылі свята сям’і. Мерапрыемства пачалося са святочнага набажэнства ў касцёле Святой Тройцы. 

Віцебскі біскуп у сваім звароце да вернікаў распавёў пра значнасць сям’і для чалавека, узаемную падтрымку, павагу і прабачэнне.

– Чалавек павінен з’яўляцца ў сям’і, дзе ёсць умовы для жыцця, унутранага і духоўнага, а таксама псіхалагічнага ды псіхічнага развіцця. Лепшага інстыту, чым сям’я, проста не існуе.  

Як кажа ксёндз Чэслаў Курэчка, на свята прыехала шмат вернікаў, асабліва прыемна было бачыць сем’і з маленькімі дзеткамі:

– Мы збіраемся ў росіцкім касцёле, молімся за сем’і, каб яны былі моцныя. Каб любілі дзетак, прымалі кожнае зачатае дзіця, нараджалі і радаваліся. Яны прасілі Божай моцы ў блаславёных пакутнікаў Росіцы Юрыя і Антонія, мужнасці, каб пераносілі цяжкасці ў сямейным жыцці.  

Напрыканцы ўрачыстасці біскуп Алег Буткевіч блаславіў сем’і ды ўсіх прысутных. Потым адбыўся агульны пачастунак у летнім кафэ “У бусла”.

Свята ў Росіцы наведалі пілігрымы з Менска, Наваполацка, Глыбокага, Браслава, Шаркоўшчыны, Паставаў, ды іншых гарадоў Віцебскай вобласці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя