У Рыгора Кастусёва падазрэнне на анказахворванне



У СІЗА № 1 завершана медыцынскае абследаванне 64-гадовага лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які знаходзіцца пад вартай, паведаміла БелаПАН яго дачка Кацярына.

Паводле яе слоў, стан здароўя бацькі пагоршыўся, вынікі тэстаў паказваюць на анказахворванне. Сям’я і ён сам асцерагаюцца, што вяртанне ў СІЗА КДБ пагоршыць стан яго здароўя.

„Бацька скардзіцца на пагаршэнне стану здароўя, прасіў праз адваката дапамогі для шпіталізацыі ў профільную ўстанову аховы здароўя. Асцерагаецца, што ў яго развіваецца пухліна, тым больш што ў 2012-2016 гады ён ужо назіраўся ў медыкаў з гэтай самай нагоды. Тады хваробу ўдалося прыпыніць”, – сказала дачка.

2 ліпеня палітыка экстрана шпіталізавалі ў бальнічную камеру СІЗА № 1 на Валадарскага. Туды ён трапіў з праблемамі з сэрцам, ціскам, ацёкамі канечнасцяў з камеры СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваўся з іншымі вязьнямі ва ўмовах спёкі, вільготнасці і дрэннага доступу свежага паветра. Па словах Кастусёва, 17 начэй ён вымушаны быў спаць на падлозе, пад «шконкай» іншага затрыманага з-за таго, што для яго не знайшлося спальнага месца.

Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласць) і даставілі ў КДБ. Яму прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 357 КК (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).