У Салігорску пратэставалі мантажнікі і гарнякі



Напярэдадні ў Салігорску адбылася акцыя пратэсту працаўнікоў прадпрыемстваў «Беларуськалій» і «Трэст» Раммантажстрой », паведамляе   belnp.org. Прайшоў пікет супраць дзеянняў раённых уладаў, якія не рэгіструюць прафсаюзную арганізацыю мантажнікаў.

Заяўнікам мерапрыемства выступіў Незалежны прафсаюз гарнякоў ААТ „Беларуськалій”, сябры якога ў знак салідарнасці вырашылі падтрымаць сваіх былых калег па вытворчасці. Як паведаміў «Салiдарнасцi» адзін з удзельнікаў Раман Ярашэня, 13 лістапада ў акцыі прынялі ўдзел каля 70 чалавек.

На стадыёне ўдзельнікаў акцыі абшуквалі і правяралі металашукальнікам, усе плакаты і расцяжкі, як і прысутных, фіксавалі на відэакамеры супрацоўнікі МУС.

– Не ўсё ў гэтым свеце вымяраецца матэрыяльнымі каштоўнасцямі, ёсць яшчэ мараль. Калі людзі вызначыліся ў прафсаюзе – то наймальнік павінен паважаць іх выбар і райвыканкам павінен лічыцца з іх выбарам. Мы адстаім і абавязкова зарэгіструем першасную арганізацыю, – выступіла на пікеце актывістка НПГ Ірына Зыль.

Аляксандр Ярашук прыбыў у Салігорск падтрымаць мантажнікаў.

Перад удзельнікамі зачыталі лісты салідарнасці генеральнага сакратара IndustriAll Вальтэра Санчэса, якія ён накіраваў  Лукашэнку і старшыні райвыканкама, а таксама лісты салідарнасці ад іншых прафсаюзаў.

Удзельнікі акцыі вырашылі працягнуць працу па рэгістрацыі прафсаюзнай арганізацыі з прыцягненнем Адміністрацыі прэзідэнта і міжнародных структур. Сёння ў Адміністрацыю прэзідэнта і Салігорскі райвыканкам будуць накіраваныя калектыўныя звароты работнікаў «Рэммантажстроя» з патрабаваннем рэгістрацыі прафсаюзнай пярвічкі.