У Салігорску працягваецца пераслед моладзевых актывістаў



Хваля палітычнага пераследу працягваецца ў беларускай сталіцы шахцёраў Салігорску. У сярэдзіне верасня ціск з боку праваахоўны органаў зведалі апазіцыйныя актывісты Андрэй Тычына і Уладзімір Шыла.

Цяпер пад каток палітычных рэпрэсій трапіў салігорскі актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Уладзімір Лемеш. Ужо некалькі гадоў маладзён навучаецца за мяжой і таму на сваёй малой радзіме бывае нячаста.

Апошняе наведванне бацькоўскага дому скончылася для Уладзіміра затрыманнем, двума суткамі ў салігорскім ізалятары, штрафам і ператрусам. Суддзя суда Салігорскага раёна Сяргей Самуйлік прызнаў маладзёна вінаватым у парушэнні артыкула 17.1 адміністрацыйнага кодэкса ды аштрафаваў на дзве базавыя велічыні.

Той факт, што сведкамі былі толькі міліцыянты, адзін з якіх у затрыманні не ўдзельнічаў і нават не змог апазнаць абвінавачанага, суддзю засмуціў не надта моцна.