У Сербіі партыя этнічных венграў Вайводзіны дасягнула поспехаў у выбарах



У традыцыйны хадж унесены абмежаванні. Украіна атрымлівае вялікія выгады ад газу. Пра што пішуць выданні розных краін сёння, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Хадж сёлета змогуць здзейсніць толькі тыя замежнікі, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Саудаўскай Аравіі, праінфармавала міністэрства па справах хаджу гэтай краіны. „У сувязі з тым, што каронавірус COVID-19 распаўсюдзіўся на тэрыторыях больш за 180 краін, і колькасць смяротных зыходаў, звязаных з COVID-19, дасягнула парога амаль у паўмільёна чалавек, па ўсім свеце пацверджана больш за сем мільёнаў выпадкаў заражэнняў, каралеўства Саудаўскай Аравіі, галоўная мэта якога складаецца з таго, каб заўсёды дазваляць мусульманскім пілігрымам праводзіць хадж у спакоі і бяспецы, і якое з пачатку пандэміі прымала ўсе неабходныя меры, каб абараніць паломнікаў, прыняло рашэнне, што ў хаджы сёлета зможа ўдзельнічаць абмежаваная колькасць паломнікаў розных нацыянальнасцяў, тыя, хто ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Саудаўскай Аравіі”, — заявіў міністр, якога цытуе Інтэрфакс. Улады адзначылі, што ўсе вернікі, якія з-за зачыненых у сувязі з пандэміяй межаў засталіся на тэрыторыі краіны, будуць знаходзіцца ў бяспецы, „пакуль яны не змогуць паехаць на радзіму”. У гэтым годзе перыяд хаджу прыпадае на 28 ліпеня — 2 жніўня.

Здарыўся абвал попыту на газ з-за пандэміі каронавіруса. Беспрэцэдэнтная перанасычанасць трымае цэны рэкордна нізкімі. Але Украіне раптам удалося атрымаць выгаду ад такой сітуацыі, — піша Bloomberg. У апошнія гады, уведзенае змяншэнне мыта на газ дазволіла замежным гандлярам уводзіць сваё паліва ва ўкраінскія сховішчы, таму ўкраінскія магутнасці сталі пляцоўкай для еўрапейскіх запасаў паліва. „Пры такіх нізкіх коштах неабходны дадатковы попыт, паколькі складскія памяшканні ў Паўночна-Заходняй Еўропе запаўняюцца надта хутка. Таму неабходны новы маршрут, каб вывесці пастаўкі з рэгіёну”, – сказаў старшыня швейцарскай кампаніі Axpo Holding AG. „Украіна мае важныя рэзервуары для прыроднага газу. Мы ўсё часцей удзельнічаем у гандлі газам у гэтай краіне”, — дадаў ён. Выданне піша, што аб’ём газу, які захоўваецца ва Украіне замежнымі кампаніямі, у чэрвені вырас утрая ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і складае 2,8 млрд кубаметраў. Такія лічбы перадаваў Укртрансгаз. У той жа час еўрапейскія сховішчы на 17 чэрвеня былі поўныя на 77%. Хоць у мінулым годзе яны былі запоўненыя ў сярэднім на 52%. Летась замежнымі кампаніямі арэндаваліся толькі 7 рэзервуараў для газу. „Укртрансгаз” сцвярджае, што цяпер выкарыстоўваюцца ажно 54.

Пакуль у Польшчы прэзідэнцкія выбары яшчэ рыхтуюцца, яны пройдуць 28-га чэрвеня, у Сербіі ўжо адбыліся важныя парламенцкія выбары. Партыя этнічных венграў Вайводзіны ўдвая павялічыла сваю прысутнасць у парламенце.

 Альянс венграў Вайводзіны, фота Hungary Today.

Перамагла партыя прэзідэнта краіны Вучыча, вялікая частка апазіцыі праігнаравала выбары. Альянс венграў Вайводзіны, этнічная партыя мясцовых венграў, атрымаў 70 тысяч галасоў у сваю карысць. Альянс даўно не дабіваўся падобнага поспеху, сказаў лідар палітычнай сілы Іштван Паштар. Перапіс насельніцтва Сербіі ў 2011 годзе паказаў, што ў Вайводзіне, якая па-вугорску называецца Вайдашаг, пражывае 250 тысяч венграў. Цяпер у парламенце будзе засядаць 9 дэпутатаў альянсу замест 4 дэпутатаў у мінулым скліканні. Такой колькасці ў вугорскай меншасці не было ў сербскім парламенце ўжо 27 гадоў. Тады распалася Югаславія, а венграў у Вайводзіне жыло значна больш, чым цяпер, сказаў Паштар, яго словы прыводзіць выданне Hungary Today. Шэсць дэпутатаў найбуйнейшай мадзярскай партыі будуць цяпер працаваць у правінцыйным парламенце Вайводзіны. Таксама 15 чалавек выбраныя ў Палату прадстаўнікоў правінцыі ў Новім-Садзе. Усяго на парламенцкіх выбарах за Альянс венграў Вайводзіны прагаласавалі 13,6% выбаршчыкаў. З адчувальным поспехам партыю павіншаваў прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан. Асобна заяўлена, што Альянс выйшаў на 3-е месца па папулярнасці партый у сербскай Вайводзіне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.