У Шчучыне затрыманы блогер Вадзім Ермашук



У Шчучыне 16 жніўня затрымалі гарадзенскага блогера Вадзіма Ермашука, паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”.

Ермашук вядомы сваімі гумарыстычнымі ролікамі, якія ён размяшчаў у Instagram.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Ермашук 16 жніўня ў Гародні прыйшоў у суд па справе трох мясцовых жыхарак, якіх прыгаварылі да розных тэрмінаў абмежавання волі ў сувязі з падзеямі ў абласным цэнтры 6 верасня 2020 года. У той дзень у Гародні здарыліся сутыкненні паміж пратэстоўцамі і сілавікамі. Пацярпелымі па справе прызнаныя 11 сілавікоў. Суддзя Максім Галубовіч прыгаварыў Ганну Мароз да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (хатняя „хімія”), Галіну Гарацкевіч — да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, яе маці Алу Гарацкевіч — да двух з паловай гадоў хатняй „хіміі”.

Пасля суда блогер накіраваўся ў Шчучын, каб зняць чарговы гумарыстычны ролік, дзе і быў затрыманы.

belapan.by