У школьным музеі захоўваўся спраўны пісталет Dreyse
Нямецкі пісталет пачатку XX стагоддзя апынуўся сярод школьнай музейнай калекцыі.
Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці Таццяна Сівіцкая, педагог адной са школ Жабінкі здаў у Жабінкаўскі РАУС пісталет неўстаноўленага ўзору, ствол кулямёта і тры ствалы вінтоўкі. Гэтыя прадметы раней захоўваліся ў школьным музеі, які рэарганізуецца.
Гэтыя ўзоры зброі былі накіраваныя на балістычную экспертызу, каб усталяваць: ці належаць яны да катэгорыі агнястрэльнай, ці прыдатныя для стральбы, а таксама вызначыць іх мадэль і від.
Паводле заключэння эксперта, гэта пісталет Dreyse калібру 7,65 мм мадэлі 1907 года, выраблены завадскім спосабам, ён з’яўляецца агнястрэльнай зброяй, прыгоднай для стральбы. Пісталет такой мадэлі выпускаўся нямецкім зброевым заводам да 1915 года.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў разглядаюць пытанне аб перадачы пісталета спецыялістам для ўстанаўлення яго культурна-гістарычнай каштоўнасці.
Астатнія здадзеныя прадметы для стральбы не прыгодныя з-за карозіі.
belapan.by
