У шоумена Дудзінскага канфіскаваныя сродкі сувязі



Шоумен і тэлевядоўца Дзмітрый Дудзінскі і яго жонка, таксама тэлевядоўца Кацярына Раецкая, 2 чэрвеня былі дапытаныя ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю і зараз знаходзяцца на волі.

„У нас усё ОК, мы дома. Праўда, без сродкаў сувязі”, — напісаў Дудзінскі на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Раніцай у кватэры пары прайшоў вобшук (паводле іншых звестак — агляд). Як паведаміў Onliner.by са спасылкай на прэс-службу КДК, у дачыненні да шоумена „праводзяцца праверачныя мерапрыемствы па пытаннях падаткаабкладання”.

3 верасня мінулага года Дудзінскі быў арыштаваны на 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 11 кастрычніка ён быў аштрафаваны на 675 рублёў за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Мінулым летам Дудзінскі і Раецкая былі адхіленыя ад працы на фестывалі „Славянскі базар у Віцебску” з-за выказванняў першага ў сацыяльных сетках, у прыватнасці пра затрыманні ля крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by у Менску.

belapan.by

Фота з фэйсбука Дзмітрыя Дудзінскага