У Швайцарыі нападнік з бензапілой атакаваў людзей (абноўлена)



Напад на жыхароў швайцарскага гораду Шафгаўзэн з бензапілой здзейсніў мужчына без пэўнага месца жыхарства па імені Франц Врусіс, паведамляе ў Facebook гарадская паліцыя. 

Матыў злачынства пакуль не высветлены.

Паводле звестак праваахоўнікаў 51-гадовы мужчына вядзе асацыяльны вобраз жыцця, апрануты неахайна, начуе ў лесе. Час ад часу яго паводзіны і раней былі агрэсіўнымі.

Паліцыя рэкамендуе пазбягаць сустрэчы з Врусісам. Акрамя бензапілы ў яго можа быць і іншая зброя, гаворыцца ў паведамленні.

Розшук падазраванага ў ваколіцах Шафгаўзэна вядуць больш 100 чалавек.

***

У швайцарскім горадзе Шафгаузэн злачынца на вуліцы напаў з бензапілой на мінакоў. Паводле папярэдніх звестак пацярпелі пяць чалавек, яны параненыя. Падрабязнасцяў здарэння пакуль няшмат.

Паліцыя ачапіла цэнтральную частку гораду, дзе меркавана хаваецца злачынца. У пошукавай аперацыі задзейнічаны верталёт.

Reuters паведаміла, што двое пацярпелых знаходзяцца ў цяжкім стане.

Беларускае Радыё Рацыя