У Скідзелі ўзгадалі Рыгора Фарманяна



Сорак дзён споўнілася са дня смерці краязнаўца, актывіста Таварыства Беларускай мовы Рыгора Фарманяна.

Сябры Скідзельскай суполкі Таварыства Беларускай мовы надведалі месца яго спачыну на Юр’еўскіх могілках Скідзеля. Перад гэтым удзельнічалі ў памінальнай службе ў мясцовай царкве.

Кажа Тацяна Савянкова, старшыня суполкі:

— Гэта чалавек, які ўсё сваё жыццё займаўся зборам матэрыялаў пра Скідзельшчыну, Гарадзеншчыну, пра іх славутых людзей. У яго вялікі хатні архіў вельмі цікавых, рэдкіх, матэрыялаў, якія ён не толькі сам чытаў і для сябе рыхтаваў, але і дзяліўся з усімі, хто быў зацікаўлены ў гэтым. Свае матэрыялы ён прадаставіў для выдання кніг па гісторыі Скідзеля: «Скідзель. 500 гадоў гісторыі», «Скідзель і яго ваколіцы».

Кніга пра Пятра Сяўрука, патрыёта Заходняй Беларусі часткова таксама складаецца з яго архіўных набыткаў. Сябры ТБМ спадзяюцца, што архівы Рыгора Фарманяна, якія датычаць гісторыі Скідзельскага краю і пасля яго смерці будуць выкарыстоўвацца гісторыкамі і краязнаўцамі. Рыгору Фарманяну было 75 гадоў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя