У Слоніме адмовілі ў правядзенні антыалкагольнага пікету



Сябра слонімскай суполкі БХД Іван Бедка атрымаў адказ на заяўку на правядзенне пікету па праблемах алкагалізацыі насельніцтва і спажывання тытуню ў Слоніме.

Старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі адмову патлумачыў вельмі дзіўным чынам, адзначае Іван Бедка:

– Падавалі заяўку на правядзенне пікету па абароне нашых дзяцей ад алкаголю і тытуню таму, што тут у нас, як і ва ўсёй вобласці, парастаўлялі гэтыя кіёскі. Нягледзячы на тое, што ў вокнах школы відаць, што кіёск насупраць школы. Хацелі прыцягнуць увагу гэтым пікетам да гэтай праблемы, бо Беларусь выйшла на першае месца па ўжыванні алкаголю. Нам было адмоўлена ў сувязі з тым, што як адказаў старшыня выканкама Таргонскі, не ўказана хто фінансуе гэты пікет і не ўказаны маршрут руху пікету.

Падобныя адмоўныя адказы са Слонімскага райвыканкама слонімскія грамадскія актывісты атрымліваюць ужо каля 10 гадоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя