У Слоніме на Народны сход прыйшло больш за 300 чалавек
У нядзелю, 19 сакавіка, у 15 гадзін у Слоніме на плошчы Леніна пачаўся Народны сход, у якім прынялі ўдзел больш за 300 чалавек.
Перад пачаткам сходу, пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі акружылі невялікую плошчу Леніна, дзе пачынаўся мітынг. Яны зайшлі ва ўсе магазіны, якія знаходзяцца побач з плошчай, нахабна паказвалі пасведчанні і станавіліся каля вакон у крамах. Некалькі міліцыянтаў зайшлі ў драмтэатр, з другога паверху і з касы тэатра глядзелі на плошчу і „кантралявалі” сітуацыю.
З плошчы Леніна ўсю інфармацыю ім скідвала адна кабета па тэлефоне. Яна знаходзілася каля мітынгоўцаў.
Слонімцы пайшлі да будынка райвыканкама, дзе на сустрэчу з людзьмі выйшаў старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.
Людзі задавалі яму шмат пытанняў, найперш, звязаных з тым, чаму ў Слоніме закрываюцца прадпрыемствы, чаму на тых прадпрыемствах, якія яшчэ працуюць, старое абсталяванне, чаму вельмі дарагія медыкаменты, чаму людзей засыпаюць штрафамі, чаму ў людзей у кашальках няма грошай.
Алег Таргонскі стараўся адказаць на пытанні людзей і запрашаў у любы дзень, у любы час прыходзіць да яго ў кабінет і разам вырашаць праблемы.
Удзельнікі Народнага сходу прынялі рэзалюцыю, якую заўтра перададуць у райвыканкам.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Беларускае Радыё Рацыя
