У Слоніме з-за дажджу не адбылося шэсце Дзедаў Марозаў



Зіма сёлета не спяшаецца ўступаць у свае правы, не радуе нас маразамі і снегам. Але слонімцы думалі, што ўсё гэта не зменіць іх планы на сустрэчу Новага года, самага казачнага і загадкавага свята для дарослых і тых, хто не стамляецца з дзяцінства верыць у цуды. Нагадаць ім аб тым, што надыходзячы год Драўлянай Казы ўжо не за гарамі і ўжо літаральна просіцца ў дзверы, першымі вырашылі работнікі культуры са Слоніма, якія 24 снежня наладзілі раённую акцыю “Запалім ёлку разам”. Яна стала своеасаблівым працягам штогадовага традыцыйнага і ўпадабанага слонімцамі шэсця Дзедаў Марозаў і Снягурак.

Але за паўгадзіну да пачатку свята ў Слоніме пайшоў праліўны дождж. Спачатку свята распачалі на прыступках Цэнтра культуры, каб пасля пачаць шэсце па цэнтры горада і запаліць на новай цэнтральнай плошчы навагоднюю ёлку. На свята прыйшлі сотні слонімцаў з дзецьмі, каб найперш паглядзець на Снягурак і Дзедаў Марозаў. Але шэсце ім паглядзець так і не ўдалося, бо дождж ішоў да самага вечара, а Снягуркі і Дзяды Марозы грэліся каля батарэяў у Цэнтры культуры. Так што сёлета навагодняя традыцыя ў Слоніме парушылася з-за дажджлівага надвор’я.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара