Праваахоўныя органы сарвалі паездку слонімскіх актывістаў у Менск (абноўлена)



Праваахоўныя органы сарвалі паездку слонімскіх актывістаў на святкаванне Дня Волі ў Менску.  Раніцай, 25 сакавіка, каля свайго дома ў Слоніме, супрацоўнікі ДПС затрымалі сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Уладзіміра Літвіна. Калі Уладзімір запытаўся, за што яго затрымліваюць, міліцыянты сказалі, што за ўдзел у слонімскім “Маршы недармаедаў”. Маўляў, ім загадалі затрымаць і прывесці ў пастарунак. Літвіна завезлі ў мясцовы РАУС.

Пазней у Слоніме быў затрыманы вядомы грамадскі актывіст Іван Бедка, яго схапілі ля пад’езду дому, за тое, што нібыта „лаяўся матам” і завезлі ў РАУС. Фактычна заблакаваныя міліцыянтамі ў адным з дамоў Алесь Масюк і Міхаіл Сошка

Распавядае Алесь Масюк:

Мы планавалі паехаць на Менск і нас з самай раніцы пачалі затрымліваць. Затрымалі Івана Сяменавіча Бедку, кіраўніка слонімскай БХД, каля пад’езда. Адразу ён казаў, што нібыта за лаянку, але нядаўна я яму тэлефанаваў, бо ён на сувязі і знаходзіцца ў пастарунку. Цяпер з ягоных слоў міліцыянт Харытончык складае на яго пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое адбылося ў Слоніме 19 сакавіка. Другі чалавек гэта Уладзімір Літвін, ён таксама зараз у міліцыі. Ад’ехалі 300 метраў і спыніла ДПС, папрасілі прад’явціь дакументы і сказалі, што ёсць загад правесці вас у міліцыю. Затрымліваў маёр Міронаў. Яшчэ недзе знік Паша Севасцьян. Яго няма на сувязі і я падазраю, што ён таксама сядзіць недзе ў міліцыі. Пасля разам я, Алесь Масюк, і Міхаіл Сашко з прафсаюза РЭП разам ехалі да Івана Бедкі. Калі мы прыехалі туды адразу пад’ехала машына спачатку прыехаў залёны Passat, а цяпер гляджу памяняліся яны і нас ахоўвае чорны Renault, чакаюць пакуль мы выйдзем.

Нагадаем што ў Гародні і Берасці сёння пройдуць санкцыянаваныя ўладамі акцыі, а вось у Менску ўлады не задаволілі заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу прысвечаных Дню Волі, таму калі акцыя адбудзецца – то будзе несанкцыянаванай.

 

Беларускае Радыё Рацыя