У Слоніме з’явіцца вуліца ў гонар любімай



Слонімскі раённы Савет дэпутатаў прыняў рашэнне надаць назвы новым вуліцам. Вядома ж, гэта будуць вуліцы не ў гонар знакамітых слонімцаў ці нейкіх гістарычных падзей.

Цытата Аляксандра Лукашэнкі “Беларусь – любімая, а любімых не аддаюць” знайшла свой працяг у Слоніме ў назвах новых вуліц. Адна з іх, па рашэнню Слонімскага райсавета, будзе называцца Любімая. Побач з Любімай будзе і завулак Любімы. З’явяцца таксама вуліцы Цяністая і… Радужная. Дзіўна тое, што і па-руску, і па-беларуску вуліца будзе называцца Радужная. Слонімцы так і не могуць зразумець адукаванасць вертыкальшчыкаў. Калі па-расейску Радужная, то па-беларуску яна павінна называцца Вясёлкавая. А згодна рашэнню Слонімскага райсавета вуліца і па-беларуску, і па-расейску ў Слоніме будзе так і называцца Радужная (ад расейскага слова “радуга”, але не ад беларускага слова “вясёлка”). Адным словам, дзіўныя рэчы адбываюцца сёння ў нашым жыцці. Як кажа беларуская прымаўка: у кожнага свой розум.

Беларускае Радыё Рацыя