У Слуцку „ідэолаг” зняла са школьніцы георгіеўскую стужку



Інцыдэнт адбыўся раніцай 9 траўня. Шасцікласніца з мясцовай школы №9 стаяла ў калоне з іншымі школьнікамі, каб выйсці на святочнае шэсце. Да дзяўчынкі падышла жанчына, зняла георгіеўскую стужку з кветкай, якая была на грудзях у школьніцы, і адправілася далей інспектаваць калону, піша kurjer.info.

Бацькі дзяўчыны спыталіся, што адбываецца. Жанчына патлумачыла, што яна ідэолаг, а ў Беларусі свая ідэалогія.

Размову з жанчынай бацька запісаў на відэа, якое паабяцаў адправіць „на сайт прэзідэнта”.

У піянера, у якога беларускі піянерскі гальштук, павінна быць беларуская сімволіка Перамогі, сказала ідэолаг бацьку школьніцы.

Той абурыўся: „Сімволіка Перамогі супольная для ўсіх! Няма беларускай сімволікі Перамогі”.

„Я не буду з вамі лаяцца. Адкрывайце дакументы і чытайце”, — адказала жанчына.

Пазней стала вядома, што жанчына — метадыстка мясцовага аддзела адукацыі.