У Слуцку забітая двухгадовая дзяўчынка



У Слуцку высвятляюцца акалічнасці забойства двухгадовай дзяўчынкі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці Таццяна Беланогая, інфармацыя пра смерць малалетняй з прыкметамі крымінальнага характару паступіла ў праваахоўныя органы ад медыцынскіх работнікаў. 29 студзеня ў адным з дамоў у Слуцку медыцынскай брыгадай была знойдзена дзяўчынка ў цяжкім стане са слядамі збівання. Нягледзячы на праведзеныя рэанімацыйныя мерапрыемствы, яна памерла.

Па падазрэнні ў забойстве заведама малалетняй, учыненым з асаблівай жорсткасцю групай асоб (п. 2, 6, 15 ч. 2 арт. 139 КК), затрыманыя 26-гадовыя маці дзяўчынкі і яе сужыцель.

Цяпер выконваецца комплекс следчых дзеянняў, у рамках якіх дапытваюцца сваякі, суседзі, збіраецца матэрыял, які характарызуе сям’ю, дзе выхоўваліся, акрамя загінулай, яшчэ чацвёра малалетніх.

Следствам вынесены пастановы аб правядзенні шэрагу судова-медыцынскіх даследаванняў па канфіскаваных з месца злачынства прадметах. Дакладная прычына смерці дзяўчынкі будзе вядомая па выніках экспертызы.

З затрыманымі працуюць следчыя з мэтай высвятлення ўсіх магчымых прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню супрацьпраўных дзеянняў.

Асаблівая ўвага ў ходзе расследавання надаецца высвятленню прычын і ўмоў, якія садзейнічалі таму, што адбылося. Будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням (бяздзейнасці) службовых асоб сацыяльных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль за ўмовамі пражывання ў сям’і малалетніх.

Дзецям аказваецца медыцынская і псіхалагічная дапамога. Да правядзення працэсуальных дзеянняў прыцягнутыя спецыялісты-псіхолагі і педагогі.