У Сорацнях адкрылі помнік на вясковых могілках



У вёсцы Сорацні Драгічынскага раёна адкрылі мемарыял проста на вясковых могілках. Ён прысвечаны пахаваным тут 144 забітым вяскоўцам – ахвярам нацысцкай карнай аперацыі.

Падчас той трагедыі загінулі цэлыя сем’і, шмат засталося сірот. Страціла маці і Ніна Максімовіч, якая наведала ўрачыстае адкрыццё мемарыяла, нягледзячы на паважаны ўзрост у 90 гадоў.

– Дзіва, што гэтыя помнікі спадабаюцца! Як жывыя, людзі стаяць! Ніхто ж не думаў, што тут так зробяць, што тут так будзе. Што зрабілі, то зрабілі! Дай ім, божа, здароўечка. Гэта ўжо памяць зрабілі. Каму жывому зрабілі памяць.

Мемарыял, які складаецца з памятнай дошкі і драўлянай скульптурнай кампазіцыі, пабудаваны ў межах праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” за кошт нямецкага фонда “Памяць. Адказнасць. Будучыня”. Але ў справе прыняло ўдзел так шмат асобных людзей, арганізацый і дзяржаўных структур, што мемарыял ужо стаў народным. Кажа каардынатар праекта Людміла Карнеева:

Усе разумелі, што робіцца, што гэта такі акт сапраўднай міласэрнасці ў адносінах да загінулых. Таму ўсе пранікліся, усе дапамагалі.

Мемарыял у вёсцы Сорацні адкрылі ў 75-ю гадавіну трагедыі. Вёска і яе жыхары былі спаленыя 15 верасня 1943 года.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі