У спіс палітвязняў дададзены яшчэ 7 чалавек



Гэта Арцём Пархамовіч, Юлія Лаптановіч, Дзмітрый Каханоўскі, Віталь Бандарук, Ілля Дубскі, Ірына Гарашына і Сяргей Вінакураў.

Праваабаронцам вядома пра змяшчэнне пад варту:

Арцёма Пархамовіча па абвінавачанні паводле арт. арт. 130, 198, 203-1, 352, 364, 365, 366, 389 КК (дапамаганне ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненых групай асобаў і інш.) за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу, пад вартай у СІЗА знаходзіцца з 22 кастрычніка 2020 года;

Юліі Лаптановіч па абвінавачанні паводле арт. 203-1 КК за перадачу ў тэлеграм-канал ЧКБ дадзеных старшыні выбарчай камісіі і арт. 361 КК РБ (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);

Дзмітрыя Каханоўскага па абвінавачанні паводле ч. 3 арт. 130 КК, за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і суддзяў тэлеграм-каналам.

Таксама вядома пра асуджэнне:

Віталя Бандарука паводле ч.1 арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта). ч. 1 арт. 368 (Публічная абраза прэзідэнта), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) КК за каментары ў сетцы Інтэрнэт, арт. 370 (Здзек з дзяржсімвалаў) КК да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Іллі Дубскага паводле ч. 1 арт. 130, арт. 366 КК (Пагроза гвалтам у дачыненні да прадстаўніка ўлады) за каментары ў сетцы Інтэрнэт і галасавое паведамленне адпаведна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Ірыны Гарашынай паводле ч. 1 арт. 342 (Групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірным сходзе і ч. 2 арт. 203 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных дадзеных) у закрытым судовым пасяджэнні за разгалошванне звестак супрацоўнікаў АУС да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Сяргея Вінакурава паводле арт. 352 (Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй) за размяшчэнне на інтэрнет-пляцоўцы „Карнікі Беларусі” дадзеных мясцовых супрацоўнікаў АУС да 1 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны адбываць пакаранне.

Як адзначаюць праваабаронцы, згаданыя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў. Іх дзеянні не пацягнулі цяжкіх наступстваў для пацярпелых.

«У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў наступствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў», — гаворыцца ў заяве.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, праваабаронцы прыйшлі да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.