У Старых Дарогах памёр сяржант-кантрактнік



У бальніцы Старых Дарог (Менская вобласць) сканаў сяржант кантрактнай службы, які напярэдадні атрымаў траўму падчас буксіроўкі цягача, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ваеннага ведамства, 10 студзеня сяржант кантрактнай службы атрымаў цяжкую траўму, парушыўшы патрабаванні бяспекі пры эксплуатацыі гусенічнай тэхнікі. Ён спрабаваў заскочыць у кабіну гусенічнага цягача, які рухаўся, і ў выніку атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні.

„Увесь гэты час урачы Старадарожскай цэнтральнай бальніцы і Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра, якія прыбылі з Мінска, змагаліся за жыццё вайскоўца, аднак, на жаль, выратаваць яго не ўдалося. Сёння мужчына памёр”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што сяржант служыў у часці ў Старых Дарогах з 2018 года. За час службы па кантракце паказаў сябе як выканаўчы і добрасумленны спецыяліст.

Ваеннае ведамства абяцае ўсебакова дапамагчы і падтрымаць сям’ю вайскоўца.

belapan.by

Фота Tut.by