У супрацоўнікаў агенцтва БелаПАН прайшлі вобшукі і ператрусы (абнаўляецца)



БелаПАН выступіў з заявай у сувязі з затрыманнямі сваіх супрацоўнікаў.

«БелаПАН расцэньвае тое, што адбываецца, як працяг палітыкі задушэння свабоды слова ў Беларусі і патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых калег, а таксама ўсіх журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні», — гаворыцца ў заяве.

«Праца кампаніі ў Менску паралізаваная, аднак частка рэдакцыі знаходзіцца ў бяспецы за межамі Беларусі і працягне працу, каб забяспечваць падпісчыкаў і чытачоў аператыўнай і дакладнай інфармацыі, як гэта было на працягу амаль 30 гадоў з дня стварэння БелаПАН», — заяўляе рэдакцыя.

***

Следчы камітэт апублікаваў прэс-рэліз па справе БелаПАНа.

 «Службовыя асобы беларускага інфармацыйнага агенцтва Дзмітрый Наважылаў, Кацярына Боева і Ірына Леўшына затрыманыя па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», — паведамляе сілавое ведамства.

Следствам была ініцыяваная падатковая праверка дзейнасці БелаПАН, у ходзе якой ужо выяўлены парушэнні падатковага заканадаўства, заяўляе СК. Пасля вызначэння канчатковай сумы нявыплачаных падаткаў следствам будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням службовых асоб БелаПАН па арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэкса. 

Цяпер Дзмітрый Наважылаў, Кацярына Боева і Ірына Леўшына знаходзяцца на Акрэсціна. 

***

Дырэктар і галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына затрымана на 72 гадзіны. Яна знаходзіцца на Акрэсціна.

Бухгалтарка выдання Кацярына Боева і былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў таксама на Акрэсціна.

Сайты БелаПАН і naviny.media цяпер недаступныя.

****

Журналістку агенства БелаПАН Ірыну Турчыну адпусцілі пасля допыту ў Следчым камітэце па Менску. Паводле яе слоў, супрацоўнікі сталічнага АБЭП прыйшлі ў 7 раніцы. Ператрус доўжыўся каля дзвюх гадзін. У пастанове была паказаная артыкул 342 КК. Канфіскавалі ўсе лічбавыя носьбіты – кампутар, мабільны тэлефон, флэшкі, дыктафон і нататнік.

Пасля ператрусу павезлі на допыт, дзе журналістка адмовілася ад дачы паказанняў.

З яе ўзялі падпіску пра неразгалошваньне і адпусцілі. Турчынаў знаходзіцца ў статусе сведкі па крымінальнай справе.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ператрус сёння прайшоў у былога дырэктара БелаПАН Дзмітрыя Наважылава.

***

У кватэры галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай скончыўся ператрус. Як стала вядома, у цяперашні час яе вязуць у офіс рэдакцыі, дзе будзе праведзены ператрус. Пасля гэтага даставяць ва ўпраўленне следчага камітэта па Менску на допыт.

***

Ператрус у супрацоўнікаў БелаПАН праводзіць Следчы камітэт – па справе аб дзеяннях, якія парушалі грамадскі парадак. Пра гэта паведаміў намеснік галоўнага рэдактара Аляксандр Зайцаў. Ператрус у яго дома скончыўся, ён на свабодзе. Забралі ўсю тэхніку, працоўнае пасведчанне, візіткі. Які працэсуальны статус у Аляксандра, яму не паведамілі. Ён падпісаў абавязальніцтва аб яўцы. Ператрус дома ў галоўнага рэдактара БелаПАН Ірыны Леўшынай таксама скончыўся. Яе даставілі ў рэдакцыйны офіс для ператрусу там, а затым павязуць на допыт ва Ўпраўленне Следчага камітэту па Менску. Таксама знік доступ да сайту БелаПАН. Сайт перастаў адкрывацца па абодвух сваіх адрасах belapan.by і belapan.com – як у Беларусі, так і за мяжой.

***

Журналіста БелаПАН Захара Шчарбакова забралі на допыт пасля ператрусу.

Пра гэта паведаміла яго жонка ў сацыяльных сетках. Якая справа і хто праводзіў гэтае мерапрыемства – пакуль не вядома. Сёння ад раніцы ў журналістаў і супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН праходзяць ператрусы.

***

У супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН сёння раніцай праходзяць вобшукі – паведамляюць Naviny.by. Аб правядзенні вобшуку паспелі паведаміць: журналістка Ірына Турчына, рэдактар інтэрнэт-газеты БелаПАН – Naviny.by – Аляксандр Зайцаў, бухгалтар кампаніі Кацярына Ляшчынская. Не выходзіць на сувязь дырэктар – галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і журналіст Захар Шчэрбакоў.

Беларускае Радыё Рацыя