У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя паведамілі пра трэцюю хвалю COVID-19



Гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус прывёў звесткі, што колькасць новых выпадкаў COVID-19 на ўсёй планеце расце чацвёрты тыдзень запар. Пасля дзесяці тыдняў зніжэння зноў стала павялічвацца колькасць смерцяў ад вірусу.

«Варыянт „дэльта“ прысутнічае цяпер у 111 краінах, чакаем, што неўзабаве ён стане дамінантным штамам ва ўсім свеце, калі яшчэ не стаў. Бачым, як краіны змякчаюць абмежаванні на міжнародныя паездкі, але нацыянальная палітыка ўліку статусу падарожнікаў застаецца нескаардынаванай», — сказаў кіраўнік САЗ.

Гебрэесус таксама паскардзіўся на «шакавальную дыспрапорцыю ў глабальным размеркаванні вакцын», ад чаго большая частка насельніцтва Зямлі застаецца ўразлівай да інфекцыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Dixinews