У сувязі з пачаткам навучальнага года дамовіліся аб спыненні агню



Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны дамовілася аб рэжыме спынення агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года. Пра гэта паведаміў журналістам па выніках чарговага пасяджэння 23 жніўня ў Менску спецпрадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік.

„Трохбаковая кантактная група пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, у святле падтрымкі лідараў „нармандскай чацвёркі” ад 22 жніўня 2017 года, пацвярджае сваю поўную прыхільнасць бестэрміноваму спынення агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года з паўночы на 25 жніўня”, — зачытаў Сайдзік заяву бакоў.

Удзельнікі канфлікту абавязваюцца прыняць усе неабходныя крокі для забеспячэння ўстойлівага рэжыму спынення агню. Таксама, з мэтай маніторынгу, яны абавязваюцца забяспечыць надзейны і бяспечны доступ спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ па ўсёй тэрыторыі Украіны згодна з яе мандатам.

Сайдзік нагадаў, што ўпершыню кантактная група выступіла з заклікам да поўнага спынення агню напярэдадні пачатку навучальнага года два гады таму. Тады перамір’е дзейнічала амаль шэсць тыдняў. Ініцыятыву паўтарылі і ў 2016 годзе.

„Відавочна, што дзеля забеспячэння бяспекі дзяцей у зоне канфлікту і ўсяго грамадзянскага насельніцтва неабходныя ясна выяўленыя абавязацельствы бакоў. Я асабіста горача вітаю публічную падтрымку гэтага рашэння лідарамі Украіны і Расейскай Федэрацыі і, вядома, канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прэзідэнтам Францыі Мануэлем Макронам. Гэта сапраўды якасна новы момант, што мы атрымалі падтрымку да нашага рашэння ад лідараў нармандскага фармату. Такога яшчэ не было”, — сказаў дыпламат.

Гаворачы аб цяперашняй сітуацыі ў сферы бяспекі на Данбасе, прадстаўнік АБСЕ адзначыў, што „гэта лета не было такім гарачым, як мы баяліся”. На думку Сайдзіка, гэтаму спрыяла абвешчанае раней на перыяд збору ўраджаю „хлебнае перамір’е”.

Наступная сустрэча кантактнай групы ў Менску адбудзецца 6 верасня.

belapan.by