У Светлагорску былога кіроўцу РАУС асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі
У Светлагорску вынеслі прысуд 51-гадоваму жыхару Жлобіна Уладзіміру Жуку. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а таксама арт. 364 КК. Паводле арт.342 КК яго асудзілі на 1,5 гады, паводле арт.364 КК — на тры гады. Па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага больш строгім яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Справу разгледзела суддзя Галіна Гулевіч. Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў пракурор Раманчыкаў.
Уладзімір Жук — пенсіянер, былы кіроўца Жлобінскага РАУС. Яго затрымалі 26 траўня 2021 года за ўдзел у масавых беспарадках, 28 траўня ўзялі пад варту.
Яго абвінавацілі ў тым, што ён з’яўляўся арганізатарам і ўдзельнікам масавых беспарадкаў у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня: стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту і аказваў супраціў. Згодна з абвінавачаннем, ён таксама ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення.
Жук не прызнаў віну. З усіх прад’яўленых абвінавачанняў ён прызнаў толькі тое, што ў гэты час знаходзіўся ў пазначаным месцы і стаяў у счэпцы. На пытанне, ці мог ён сысці адтуль, мужчына адказаў, што мог бы зрабіць гэта, але яму „было сорамна як мужыку” — што людзі падумаюць пра яго, нібыта ён спужаўся і баязлівец. Таму Уладзімір па-мужчынску не сышоў.
