У Светлагорску дэмантавалі абліты фарбай бюст Калініна



Раніцай 8 мая мясцовыя жыхары выявілі, што бюст савецкага дзяржаўнага дзеяча Міхаіла Калініна захутаны зялёным матэрыялам. Скрозь тканіну праступалі сляды чырвонай фарбы, якія таксама былі на плітцы вакол помніка. У той жа дзень з дапамогай аўтакрана бюст быў дэмантаваны, на яго месцы засталася яма, пішуць жыхары райцэнтра ў сацсетках і публікуюць адпаведныя фота.

Як раней паведамляў БелаПАН, бюст Калініну ўсталявалі ў Светлагорску з нагоды дня горада ў верасні 2016 года. Яго прывезлі з вёскі Прудок, дзе раней размяшчалася кіраўніцтва калгаса імя Калініна. Мясцовыя жыхары адразу сталі збіраць подпісы з патрабаваннем дэмантаваць бюст „усесаюзнага старасты”.

Калінін — расейскі рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, паплечнік Леніна і Сталіна. У 1934 годзе падпісаў пастанову ЦВК і Саўнаркама СССР, якая адыграла важную ролю ў арганізацыі і юрыдычным забеспячэнні масавых рэпрэсій.

Меркаванні жыхароў Светлагорска адносна помніка Калініну, якія яны выказваюць у сацсетках, раздзяліліся. Некаторыя выступаюць за захаванне бюста з пасылам „гэта наша гісторыя”, многія сцвярджаюць, што бюсту „ката” не месца ў Светлагорску. „Давайце ставіць помнікі злачынцам і алкаголікам, гэта ж таксама наша гісторыя?” — напісаў жыхар райцэнтра Зміцер. Гараджане прапануюць усталёўваць бюсты вядомым беларусам: культурным дзеячам, навукоўцам.

БелаПАН