У Светлагорску хочуць правесці пікет у сувязі з запускам цэлюлознага завода



У Светлагорскі райвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне пікета ў сувязі з запланаваным запускам у райцэнтры завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ).

Заяўку падалі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы грамадзян па экалагічных праблемах будаўніцтва гэтага прадпрыемства. Як паведаміла адна з членаў групы праваабаронца Алёна Маслюкова, пікет запланаваны 23 лістапада.

„Мэта масавага мерапрыемства, пазначаная ў заяўцы, — выказаць занепакоенасць станам навакольнага асяроддзя ў выніку ўводу ў дзеянне завода беленай цэлюлозы, супраць будаўніцтва якога ў 2012 годзе падпісаліся больш як 10 тысяч жыхароў Светлагорска і Светлагорскага раёна. Грамадзяне просяць райвыканкам дазволіць правесці пікетаванне насупраць галоўнага ўезду на тэрыторыю завода на адлегласці, якая адпавядае патрабаванням закона „Аб масавых мерапрыемствах”, — сказала Маслюкова.

Мяркуецца, што ў пікеце, які плануецца праводзіць на працягу дня, возьмуць удзел прыблізна 100 чалавек. „У горадзе разыходзяцца чуткі пра тое, што на заводзе ўжо адбываюцца пробныя запускі, у выніку чаго побач з прадпрыемствам нібыта бывае адчувальным з’едлівы пах хлору. Гэтыя чуткі ініцыятыўнай групе грамадзян па экалагічных праблемах ЗБЦ праверыць пакуль не ўдалося”, — дадала праваабаронца. БелаПАН