У Светлагорску невядомы псуе аўтамабілі з георгіеўскімі стужкамі



Міліцыя вядзе пошук зламысніка, які на працягу двух тыдняў псуе ў Светлагорску аўтамабілі з георгіеўскімі стужачкамі.

З 5 па 18 чэрвеня ў Светлагорску зафіксаваныя прыблізна 10 выпадкаў пашкоджання аўтамабіляў. Зламыснік псуе колы транспартных сродкаў — рэжа або праколвае, псуе аўтамабілі іншымі спосабамі. Паводле слоў аператыўных супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, якіх цытуе мясцовая газета „Ранак”, невядомы выбірае аб’ектам злачыннага замаху машыны, на якіх прымацаваная георгіеўская стужка.

У Светлагорскім РАУС пацвердзілі, што такія факты зарэгістраваныя, па іх праводзяць праверкі, па некаторых распачатыя крымінальныя справы за хуліганства. Большасць выпадкаў зафіксаваныя ў мікрараёнах № 6 і Маладзёжным.

18 чэрвеня ў адным з аўтамабіляў пракалолі ўсе колы.

belapan.by