У Свiслачы даследуюць меркаваную магiлу Вiктара Калiноўскага (абнаўляецца)



9 ліпеня прайшоў першы дзень раскопак. Пачаліся яны каля 9.30 і з перапынкам на абед скончыліся каля 17-й гадзіны. Асаблівых знаходак у першы дзень не было. Былі знойдзены асобныя фрагменты чалавечых костак. Выявіць уласна пахаванне пакуль не ўдалося. Працы замінаў дождж. У канцы дня ўзнікла пэўная пагроза абвалу суседняй магілы і помніка на ёй. Імаверна адну з сценаў раскопу давядзецца ўмацоўваць.

10 ліпеня археалагічныя працы прадоўжацца. Магчыма для даследавання спатрэбіцца яшчэ пару дзён.

***

У Свiслачы адбылася нарада з удзелам прадстаўнiкоў Следчага камiтэту з Менску, Гароднi, беларускiх i лiтоўскiх археолагаў, лiтоўскай амбасады. Ад грамадскасцi прысутнiчалi Юры Глебiк і Уладзімір Хільмановіч. У першы дзень працы былi дэмантаваныя помнiк з крыжам i надмагiльны камень з шыльдай. Быў зроблены раскоп i зняты верхнi слой зямлі, усталяваны намётавы навес. Ноччу раскоп ахоўвала мiлiцыя. Сёння, 9 лiпеня археолагі пачалі працу.

Паводле заканадаўства, раскопкі вядуць беларускія археолагі, лiтоўскiя спецыялісты назіраюць за працай. Раскопкi вядуць антраполаг Мiкалай Памазанаў i археолаг Вадзім Кошман. Лiтоўскi бок прадстаўляе прафесар антрапалогii Вiленскага ўнiверсiтэта Рымантас Янкаўскас.

„Уласна сёння пачаліся археалагічныя раскопкі”, – паведамляе Уладзімір Хільмановіч, які прысутнічае як прадстаўнік грамадскасці на месцы падзеяў:

– Учора быў зняты верхні слой зямлі, зараз па крысе – па 10-20 сантыметраў археолагі будуць здымаць гэтую зямлю. Ужо такая праца больш археалагічная пачынаецца. Гэта ўмоўная магіла можна сказаць, раскопкі маюць латарэйны характар. Усе ведаюць, што дзесьці тут парэшткі Віктара Каліноўскага, але ніхто не ведае, дзе дакладна.

„Раскопкі павінны былі пачацца а 9-й гадзіне па беларускім часе, але з-за непагадзі пачаліся на паўгадзіны пазней”, – падсумоўвае Уладзімір Хільмановіч.

Справа звязаная з тым, што ў Вільні знойдзеныя парэшткі паўстанцаў 1863-1864 гадоў, сярод якіх і меркаваныя парэшткі лідара паўстання на нашых землях Кастуся Каліноўскага. Дзеля іх ідэнтыфікацыі вырашылі правесці эксгумацыю цела старэйшага Каліноўскага – Віктара, які меркавана пахаваны ў Свіслачы. Кажа прысутны на пасяджэнні Уладзімір Хільмановіч:

– Вырашана, што сёння будзе дэмантаж помніка, часовы дэмантаж. Афіцыйна заяўлена і абяцана, што праз некалькі месяцаў помнік будзе адноўлены, незалежна ад вынікаў гэтых раскопак, эксгумацыі і ідэнтыфікацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага. Афіцыйна заяўлена, што будзе адноўлены гэты помнік.

Праблема палягае ў тым, што дакладна невядома, ці пад надмагіллем знаходзіцца пахаванне Віктара Каліноўскага, бо з цягам часу могілкі перажылі шматлікія змены. Таму пошукі будуць весціся ў пэўным радыусе. Працягвае Уладзімір Хільмановіч:

Я звярнуў увагу на тое, што гэтыя раскопкі будуць мець характар «латарэйны». Гэту фармулёўку ніхто і не аспрэчваў, усе пагадзіліся, аднак прадстаўнік літоўскай навуковай установы заявіў, што нейкіх іншых слядоў яны не знайшлі. Таму быў зварот да беларускага боку менавіта таму, што гэта ледзь не адзіны шанс ідэнтыфікаваць парэшткі Віктара Каліноўскага, параўнаць іх з магчымымі парэшткамі Кастуся Каліноўскага.

Пасяджэнне прайшло ў будынку аддзелу Следчага камітэта ў Свіслачы. Меркаваныя парэшткі Каліноўскага ды іншых паўстанцаў знайшлі выпадкова. З прычыны апоўзняў на гары Гедыміна ў Вільні былі запланаваныя адмысловыя будаўнічыя працы па ўмацаванню глебы, але ў звязку з гістарычнай значнасцю месца першымі туды пусцілі не будаўнікоў, а археолагаў.

Каліноўскі быў павешаны 22 сакавіка 1864 году ў Вільні на Лукішках. Яму было 26 гадоў. Цяпер праходзіць працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў, якія меркавана належаць Каліноўскаму.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]