У Свіслачы прайшоў першы абласны кніжны фестываль



У нядзелю, 11 чэрвеня, у Свіслачы адбыўся першы абласны фестываль «Кніга і час». Фестываль пачаўся з навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Шлях беларускага друкаванага слова ў Свіслацкім краі» дзе выступілі гісторыкі, краязнаўцы і бібліятэкары са сваімі дакладамі, прысвечанымі гісторыі беларускай кнігі. Канферэнцыю адкрыў старшыня Свіслацкага райвыканкама Уладзімір Анішчык, які адзначыў, што для Свіслацкага раёна гонар прымаць такі фестываль, які аб’ядноўвае чытачоў, пісьменнікаў і бібліятэкі.

Пасля канферэнцыі ўсе удзельнікі фестывалю сабраліся ў цэнтры Свіслачы. Там цэлы дзень працавалі кніжныя пляцоўкі, якія арганізавалі бібліятэкі Гарадзеншчыны. Кожны калектыў прэзентаваў свае пляцоўкі, а журы іх ацэньвала. Лепшай кніжнай пляцоўкай аказалася пляцоўка Слонімскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Журы ўручыла калектыву дыплом першай ступені і каштоўны падарунак.

Акрамя конкурсу пляцовак на фестывалі «Кніга і час» гучалі беларускія песні, праводзіліся конкурсы чытальнікаў, працавалі кнігарні і розныя дзіцячыя атракцыёны, а таксама былі наладжаны выставы рарытэтных кніг.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Свіслач

Фота аўтара