У сям’і Алеся Макаева і Юліі Сцяпанавай канфіскавалі маёмасць за нявыплату штрафаў
Судовыя выканаўцы 29 верасня канфіскавалі маёмасць з арандаванай кватэры ў Менску, у якой жывуць кіраўнік руху салідарнасці «Разам», лідар прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, а таксама яго жонка актывістка „Еўрапейскай Беларусі” Юлія Сцяпанава і іх маленькая дачка. Падставай для канфіскацыі маёмасці сталі невыплачаныя штрафы, накладзеныя на Макаева за ўдзел у шматлікіх вулічных акцыях.
Алесь Макаеў
Сцяпанава паведаміла, што тры судовыя выканаўцы з’явіліся ў кватэру раніцай у суправаджэнні ўчастковага міліцыянера і яго памочніка.
Паводле яе слоў, спачатку судовыя выканаўцы былі гатовыя перадаць копіі пастаноў суда аб канфіскацыі маёмасці, каб сям’я змагла вырашыць пытанне з запазычанасцю па штрафах. Аднак начальства, з якім звязаліся прадстаўнікі суда, выступіла катэгарычна супраць такога рашэння і загадала забраць маёмасць.
Юлія Сяцпанава (фота: nn.by)
«Я паказала ім дамову на арэнду кватэры, у якой апісаныя ўсе рэчы, — сказала Сцяпанава. — Некаторыя рэчы, якія яны сталі забіраць, належаць гаспадару кватэры, напрыклад пральная машына. Але на тое, што гэтыя рэчы фігуравалі ў дамове арэнды як гаспадарскія, ім было напляваць. Забралі таксама некаторыя мае рэчы, якія я пакінула гаспадару ў кошт аплаты за пражыванне, той жа тэлевізар. На месцы маёмасць не ацэньвалася. Яны проста ўсё забралі».
Пасля візіту судовых выканаўцаў сям’я Макаева засталася без маёмасці прыкладна на 3.600 рублёў (прыблізна 1.850 долараў). У прыватнасці канфіскаваныя пральная машына коштам прыкладна 600 рублёў, машына для мыцця посуду (800 рублёў), мікрахвалевая печ і вентылятар (прыблізна 100 рублёў за кожную рэч), а таксама сучасны тэлевізар, які быў набыты прыкладна за 2.000 рублёў.
Дакументы судовых выканаўцаў аб канфіскацыі ні Макаеў, ні Сцяпанава не падпісалі.
«Мы ўжо даўно не лічылі, колькі за Сашам штрафаў, але наўскідку гэта прыкладна 150-200 мільёнаў старых рублёў (15-20 тысяч рублёў з улікам дэнамінацыі.— БелаПАН.). Я пакуль у шоку і прастрацыі ад таго, што здарылася. Абскардзіць рашэнне аб канфіскацыі мы можам у дзесяцідзённы тэрмін, але не думаю, што гэта дасць нейкі эфект. Але, вядома, будзем спрабаваць нешта рабіць, — падагульніла Сцяпанава.
