У Таджыкістане афіцыйна забаранілі імёны „на расейскі манер”



Органы рэгістрацыі Таджыкістана перастануць рэгістраваць імёны з расейскімі канчаткамі «-оў», «-ова», «-овіч» і «-оўна». Рашэнне прынялі пасля ўнясення паправак у закон аб Рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, распавёў Джалалідзін Рахімаў, намеснік кіраўніка ЗАГС.

«Паводле гэтага закона, прозвішчы будуць фармавацца пры дапамозе таджыкскіх канчаткаў «-зад», «-зада», «-ӣ», «-іён», «фар». Гэта карэнныя таджыкскія канчаткі. Напрыклад, Карымзад, або Карымзада. Але канчатак «-зад» не з’яўляецца прымусовым, грамадзяне могуць выбраць для свайго прозвішча такія канчаткі, як «-пур», — дадаў ён.

Па словах Рахімава, жыхары з «расейскімі» імёнамі і прозвішчамі не абавязаныя іх мяняць. Аднак пры неабходнай змене дакументаў, да прозвішчаў будуць дадаваць таджыкскія канчаткі незалежна ад жадання чалавека. Нованароджаных таксама будуць называць выключна таджыкскімі імёнамі. «Мы тлумачым, што мэта — таджыкізацыя прозвішчаў, яны (людзі) разумеюць. Калі сітуацыя не зменіцца, то праз 10 гадоў нашы дзеці падзеляцца на дзве групы: адна будзе ганарыцца сваімі таджыкскімі імёнамі, іншая — будзе насіць чужыя. Мы павінны мець нацыянальныя і патрыятычныя пачуцці», — заявіў чыноўнік.

Мінюст Таджыкістана яшчэ ў красавіку 2015 года выступіў з ініцыятывай унесці змены ў закон рэспублікі «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану».

Да яго распрацавалі адзіны рэестар таджыкскіх імёнаў. Этнічным таджыкам забаранілі называць дзяцей імёнамі, «чужымі нацыянальнай культуры»: назвамі прадметаў, прадуктаў, жывёл і птушак, што прыніжаюць гонар і годнасць чалавека. Пад забарону таксама трапілі арабскія імёны і імёны, якія падзяляюць людзей на касты, напрыклад, «мула», «шайх», «тура». За прадстаўнікамі некарэнных этнасаў пакінулі права называць дзяцей па сваім жаданні.

tajik-people-f4dbi

Варта прыгадаць, што прэзідэнт Таджыкістана яшчэ вясной 2007 года заклікаў скасаваць расейскія канчаткі. Тады ж Эмамалі Рахмонаў змяніў прозвішча на Рахмон. Прыклад прэзідэнта паўтарылі шматлікія чыноўнікі. Аднак трэнд пратрымаўся нядоўга. З-за нацыянальных імёнаў таджыкі адчувалі праблемы ў расейскіх аэрапортах, паведамляе svaboda.org.

Фота silkroadreporters.com