У такой кампаніі не надта камфортна. Аляксандр Класкоўскі пра выставу “СМІ ў Беларусі”



Чыноўніцкія ініцыятывы найчасцей ў Беларусі становяцца фармальнымі. І гэта можна сказаць пра выставу “СМІ ў Беларусі”, што зараз праходзіць у Менску. ХІХ Міжнародная выстаўка „СМІ ў Беларусі”, сёлета прысвечаная 70-годдзю Перамогі, праходзіць пад логунгам „Слова на службе міру”. Чыноўнікі там на першым плане, што яшчэ больш падкрэслівае яе прапагандысцкі характар, – кажа палітычны аналітык і медыя-эксперт Аляксандр Класкоўскі, з ім для пректа “Месца для Прэсы” пагутарыў Улад Грынеўскі.

bajnaja_persona.klaskouski-45

РР: Адносна выставы вы сказалі, што сапраўды знікла гэтая цікавасць. Я таксама размаўляў з некаторымі сваімі калегамі з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якія гэту выставу ўспрымаюць як нейкі абавязак. Як вы думаеце, з чым звязана знікненне цікавасці да яе?

Аляксандр Класкоўскі: Рэч у тым, што любая справа за якую бяруцца чыноўнікі, у рэшце рэшт “засушваецца”, становіцца казённай, фармальнай – гэта цалкам тычыцца і выставы “СМІ ў Беларусі”, якая 19-ты раз ужо праводзіцца. Так, я згадваю, што  раней хацелі там удзельнічаць і БелаПАН, у прыватнасці, дзе я працую, са сваім стэндам хай сабе сціплым там выступаў. Але, па-першае, быў інцыдэнт, калі пад нейкай фармальнай маркай нас папрасілі вызваліць месца, маўляў, яно ўжо было зарэзервавана для нейкага іншга брэнда. Гэта быў інцыдэнт непрыемны, а потым увогуле стаў згасаць інтарэс. Цяпер можа б там і была магчымасць, але ўжо няма вялікага сэнсу. Па-першае, іншы час, час інтэрнэту, час новых тэхналогій, і прасоўваць сваё выданне, свой кантэнт можна іншым шляхам. Па-другое, гэта выстава чым далей, тым болей становіцца такой прапагандысцкай, і сёлёта, напрыклад, мы бачым на першым плане чыноўнікаў, БРСМ, шмат гэтых гвардзейскіх ці георгіеўскіх стужак, бо там і расейскія медыя прысутнічаюць. У такім антуражы нават чыста эстэтычна-псіхалагічна незалежным медыя не надта камфортна.

РР: Вось вы зараз гаворыце пра інтэрнэт-тэхналогіі, таксама на гэтай выставе было аб’яўлена пра стварэнне цэлага парталу СМІ ў Беларусі. На “Медыякрытыцы” я маю ваш артыкул, які называецца “У байнэце зрабілі “калгас””. Здаецца, такая добрая думка – сабраць усе сродкі масавай інфармацыі на адным сайце, каб чалавек туды зайшоў і знайшоў шмат інфармацыі. Бо ведаеце, яны ж таксама гавораць пра тое, што там увага будзе надавацца менавіта рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, якія, у прынцыпе, недаступныя ў Менску.

Аляксандр Класкоўскі: Зноў жа, калі каротка, усё тое, што я казаў пра выставу, можна сказаць і пра гэты партал, а менавіта калі за справу бяруцца чыноўнікі, дык яны яе “засушваюць”. Гэты партал – даўняя мара гэтых чыноўнікаў, якія адказваюць за ідэалогію, таму што яны заклапочаныя тым, што незалежныя медыя, незалежныя рэсурсы займаюць першыя пазіцыі паводле папулярнасці, калі паглядзець лічылкі кшталту “Акавіты” ці іншыя. Бачна, што наведванне незалежных рэсурсаў значна большае, чым дзяржаўных. Калі нейкі дзяржаўны рэсурс займае адносна высокае месца, напрыклад, БелТА, то, я думаю, таму, што ўсё ж такі БелТА мае манаполію на вялікую частку інфармацыі. Паведамляе пра тое, куды не пускаюць недзяржаўных журналістаў, скажам прасцей.

Сёння дзяржава прайграе вось гэтую канкурэнцыю ў інтэрнэце. І каб змяніць сітуацыю, каб перацягнуць коўдру на сябе, у свой час з’явілася такая ідэя: супер-мега партал зрабіць, – чаму я і кажу пра параўнанне з калгасам, такую калектыўную гаспадарку пад адным дахам, каб у розных рубрыках былі розныя выданні, найперш прасунуць, такім чынам, менавіта рэгіянальную прэсу. Гэта такі даўгабуд, бо я памятаю, як была ўжо папярэдняя версія гэтага партала. Я неаднойчы туды заходзіў, менавіта як медыйны трэнер, выкладчык, журналіст. Мяне там цікавілі, скажу наўпрост, адмоўныя прыклады, бо іх там багата. Асабліва што тычыцца публікацый раённых газет: там стыль, як у савецкія часы, а можа яшчэ і горшы – дубовы, казённы, шаблонны. Я проста паказваў: вось глядзіце – гэта прыклад, антыпрыклад, так бы мовіць, як не трэба пісаць лід, як вось канцылярызмы псуюць і гэтак далей. Так што тут праблема не ў тым, каб сабраць пад адным віртуальным дахам усе гэтыя мясцовыя брэнды, а ў якасці кантэнту. І тут дзяржаўная прэса мае сістэмную загану, бо паколькі яна чыноўнікам падпарадкаваная, то пазбягае многіх вострых тэм. Калі крытыка, то гэта на ўзроўні стрэлачніка, водаправодчыка, хто там лужыну каля ганка не засыпаў – начальнік ЖЭС, не вышэй. І то гэта рэдка ў мясцовым друку, бо гэта ж органы, як былі за савецкім часам, тады былі органы партыйныя, цяпер гэта органы выканкама. Так што гэты падначалены стан адбівае крэатыў, штурхае гэту творчасць у рэчышча абслугоўвання вертыкалі. Пішуць справаздачы пра тое, як мясцовыя начальнікі праводзяць мерапрыемствы. Таму калі рэзюмаваць, то, я думаю, рэвалюцыі ў байнэце гэты партал не зробіць. Публіка, якая хоча цікавай, хоча альтэрнатыўнай інфармацыі, не ламанецца туды.

РР: Сапраўды дзяржаўную прэсу нецікава чытаць. Мне, напрыклад, нецікава. Заўважыў такую тэндэнцыю, што калі прыязджаю дамоў, там ёсць раённая газета, і што самае цікавае –  на кожнай першай паласе гэтай газеты абавязкова знойдзецца фотаздымак мясцовага чыноўніка, які такі добры: альбо ён на полі стаіць і аглядае гаспадарку, альбо ён уручае нейкія дыпломы лепшым работнікам. Але ж мы таксама не можам казаць, што ў раённых, мясцовых газетах працуюць абсалютна бяздарныя журналісты. У чым гэта праблема? Праблема ў такім фармальным падыходзе да гэтага?

Аляксандр Класкоўскі: Многія мае былыя аднакурснікі таксама ў свой час паехалі па размеркаванні ў раённыя газеты і дасюль некаторыя працуюць, але сама сістэма адбіла вось гэта жаданне нешта шукаць, пісаць нестандартна таму, што гэта рызыка заўсёды. Такіх журналістаў проста ставяць на месца, раз-другі ён вось так упрэцца лбом у сцяну, а потым вырашыць, што прасцей гнаць гэты прапагандос ці проста браць даведкі ў выканкаме, там пару слоў пераставіў – і хай яно ідзе. Грошы тыя самыя, і галава не баліць. Таму тут невырашальная праблема для той жа вертыкалі, бо калі паслухаць прамовы міністра інфармацыі, ідэолагаў – зрэшты, у нас  Міністэрства інфармацыі таксама, па сутнасці, ведамства ідэалагічнае, хоць па ідэі яно мусіць быць нейтральным і да дзяржаўных, і да недзяржаўных медыя ставіцца аднолькава. Але насамрэч відавочна, што падгульвае яно менавіта дзяржаўным і наадварот вельмі строга ставіцца да недзяржаўных за нейкія там дробязі: абрэвіятура нетакая, напрыклад, – лепіць папярэджанне.

Дык вось, я хацеў сказаць, што высокія чыноўнікі, ідэолагі перыядычна кажуць, што трэба развіваць крытыку, узнімаць якасць кантэнту. Спадарыня Ананіч напярэдадні Дня друку афіцыйнага і на гэтай самай выставе, пра якую мы казалі, таксама падкрэсліла, што трэба якасны кантэнт для замежнага спажыўца вырабляць, але ўсе гэтыя заклікі павісаюць у паветры таму, што тая ж вертыкаль стрымлівае прэсу, патрабуе большай канструктыўнасці. І натуральна, што мясцовыя газеты –  гэта таксама жывыя людзі, хто будзе сам сабе ворагам і будзе крытыкаваць начальніка, які, груба кажучы, утрымлівае, плаціць заробак, дае кватэры гэтым журналістам і гэтак далей. Натуральна, што гэту руку ніхто кусаць не будзе, таму залежны стан мясцовай прэсы забівае магчымасці.

Прэса мусіць быць чацвёртай уладай, чыноўнікі заўжды ад гэтай тэзы крыюцца, бо гэта нібыта замах на іх уладу. Яны не разумеюць, што прэса –  чацвёртая ўлада ў тым сэнсе, што яна ёсць выразнікам грамадскага кантролю над вертыкаллю, і гэта нармальна, бо не народ для ўрада, а наадварот – урад для народа. Гэта простая сістэма, і прэса якраз дапамагае народу, грамадству кантраляваць уладу. Так у дэмакратычных краінах заведзена, але не ў Беларусі: тут чыноўнікі хочуць усім камандаваць. Таму дзяржаўная прэса стала рэліктам у заходніх дэмакратычных краінах, але ў Беларусі якраз вось гэты манапольны масіў дзяржаўных медыя – і друкаваных, і электронных – вось толькі інтэрнэт яшчэ не зацуглялі. Таму ў гэтым кірунку і робяцца захады. У прыватнасці, напрыканцы мінулага года былі прыняты рэпрэсіўныя, як я мяркую, змены ў “Закон аб СМІ”, якія дазваляюць адным махам блакаваць сайты, калі зноў жа чыноўнікі вызначаць, што, напрыклад, на нейкім сайце змяшчаецца інфармацыя, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам. Гэта фармулёўка, што інфармацыя супярэчыць нацыянальным інтарэсам, такая гумавая, яе можна скарыстоўваць проста як дручок. Любую крытыку, усё, што не падабаецца чыноўніку, можна трактаваць як шкоду нацыянальным інтарэсам. Я баюся, што перад выбарамі пачнецца парушэнне неўпадабаных сайтаў.

РР: У маім жыцці быў такі перыяд, калі я два гады працаваў па размеркаванні настаўнікам у школе. Мусіў выпісваць таксама дзяржаўную газету, бо быў у нас такі абавязак. Я выпісваў самую танную, яна ляжала ў бібліятэцы, я яе нават не забіраў. Мая знаёмая была лідарам прафсаюзным і выпісвала аж пяць асобнікаў прафсаюзнай газеты, якія прыходзілі ёй дадому і таксама там ляжалі недзе. Яна іх выкарыстоўвала для іншых мэтаў. Такім чынам распаўсюджваецца дзяржаўная прэса. Як вы думаеце, гэтыя чыноўнікі не разумеюць, што гэта шлях у нікуды, альбо разумеюць, але проста так робяць таму, што так прасцей?

Аляксандр Класкоўскі: Чыноўнікі розныя: ёсць проста такія, якія ўвогуле над гэтым не задумваюцца, а ёсць хітрэйшыя, але зноў жа яны таксама з’яўляюцца нейкімі звёнамі ў сістэме. Адміністрацыйная сістэма прывыкла ўсе пытанні вырашаць вось такім чынам – грубым, але звыклым, і гэта тычыцца ўсіх сфераў.

Паглядзіце, калі адхіліцца ад нашай тэмы і ўзгадаць пра чарговае пасланне прэзідэнта, нібыта там ёсць нейкія прагрэсіўныя тэзы, а потым усё перакрэсліваецца тым, што вось трэба больш жорсткі кантроль за цэнамі і гэтак далей. Тое самае тычыцца і ідэалогіі, тут такі самы ў беларускіх уладаў падыход – лепей старым спосабам. Чыноўнікі не ведаюць іншых метадаў, бо калі не выкарыстоўваць вось гэтыя ахвотна-прымусовыя падпіскі, якія яшчэ працуюць, хоць народ цяпер – бо падае жыццёвы ўзровень, падаюць заробкі – усё болей моршчыцца. І тут асабліва перад выбарамі таксама перагінаць кій вертыкалі не зусім было б дарэчы. Таму яны і пачынаюць казаць пра тое, што трэба ісці ў інтэрнэт і гэтак далей, тут жыццё трошкі іх падціскае, але альтэрнатыўны шлях – гэта ўздымаць канкурэнтнасць свайго медыйнага  прадукту, бо ў інтэрнэце цяжэй прымусіць чытаць менавіта пэўны сайт дзяржаўны – гэта не падпіска. Там чалавек ужо цалкам вольны, ну, калі выключыць блакаванне, бо гэта можа быць механізмам такой несумленнай канкурэнцыі, калі проста будуць выбіваць папулярныя незалежныя рэсурсы.

Але калі казаць пра сумленную канкурэнцыю, то дзяржаўны прадукт за рэдкім выключэннем яе не вытрымлівае, усё ўпіраецца вось у гэтыя сістэмныя хібы. На добры лад – гэта, дарэчы, неаднойчы прапаноўвала Беларуская асацыяцыя журналістаў – трэба проста ладзіць сістэмныя рэформы ў медыйнай сферы. Вось гэтую манаполію дзяржавы ліквідуюць, каб быў нармальны медыйны рынак, тады канкурэнцыя прымусіла б варушыцца і вось гэтых журналістаў, якія сёння пішуць шаблонна, бо яны не глядзяць на газету, як на бізнес-праект, а разглядаюць як простае чыноўніцкае асаблівае служэнне дзяржаве, а вось калі будзе медыйны рынак, будзе канкурэнцыя, то яна прымусіць проста дзеля таго, каб атрымліваць грошы,  даваць якасны прадукт, бо ніхто надта не кінецца купляць грубы, тупы прапагандос. Улада разумее, што калі тут адкруціць гайкі, то і ў іншых сферах – у палітычнай сферы, у сферы грамадзянскай супольнасці – проста папаўзе ўся сістэма ўлады. Вось гэтыя страхі, гэтыя фобіі стрымліваюць ад рэформ ва ўсіх сферах, і ў медыйнай таксама. Таму пакуль што незалежная прэса ў неспрыяльных умовах. І пакуль не зменіцца палітычная сістэма, на жаль, тут светлых перспектыў чакаць не выпадае.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]