У Талачыне ўспаміналі славутага мастака Лявона Баразну



У надзвычай складаныя для нацыянальнага руху 60-я і 70-я гады Лявон Баразна не баяўся супрацьстаяць савецкаму курсу на дэнацыяналізацыю, разам з Зянонам Пазняком адстойваў Нямігу. Госці сустрэчы з Менску, Воршы, Бабра і Талачына сабраліся спачатку на магіле забітага ў 1972 годзе мастака, дзе прагучалі расповеды пра дзейнасць Лявона Баразны ў тыя няпростыя гады.

Мастак Мікола Купава адзначыў, што людзям вядомая толькі малая частка твораў мастака:

– Ён сімвал уздыму таго часу. Ён рабіў сваю прафесійную, выключна прафесійную справу. Таму што ўсё гэта было звязана з мастацтвам. Мастацтва кнігі, мастацтва гістарычнае. Ён ездзіў па старажытных мясцінах – вёсках, мястэчках. Маляваў, замалёўваў. Яшчэ не выдадзена гэта нічога. І таму наша задача выдаць. Гэта ляжыць у Мастацкім музеі. Можна пайсці паглядзець.

Затым госці Талачына накіраваліся ў мясцовы гістарычны музей, дзе ёсць экспанаты, звязаныя з дзейнасцю Лявона Баразны. Аднак тут чакала неспадзяванка — 45-я гадавіна смерці славутага мастака ніяк не адзначаецца ў музеі, а ўсё звязанае з творцам, знята са стэндаў і адпраўлена ў сховішчы.

Гэтая сітуацыя абурыла сустаршыню Руху салідарнасці “Разам” Алену Талстую, якая зрабіла запіс у кнігу скаргаў музея:

– Гэта не з’яўляецца нечым выпадковым. Нават калі не думаць аб тым, што гэтая экспазіцыя была знарок прыбраная. Гэта ўсё проста знаходзіцца ў рэчышчы стасункаў дзяржавы і беларускасці. Гэта менавітае тое, супраць чаго змагаўся Лявон Баразна. Як сказала загадчыца музея, менавіта экспазіцыя, якая павінна была быць цэнтральнай, прысвечаная сапраўдным беларусам на сваёй зямлі, яна адсутнічае, яна схаваная.

Таксама скаргу на працу музея напісаў мастак Алесь Пушкін. У музейнай кнізе скаргаў гасцей чакаў яшчэ адзін непрыемны сюрпрыз – у ёй не было нумарацыі старонак, што з’яўляецца парушэннем. У сваю чаргу, работнікі талачынскага гісторыка-краязнаўчага музея паабяцалі, што ў бліжэйшы час матэрыялы пра Лявона Баразну будуць вернутыя з запаснікаў.

Беларускае Радыё Рацыя