У Беларусі стартуе пілотны праект па лічбавізацыі сістэмы аховы здароўя



У пачатку 2019 года ў трох рэгіёнах Беларусі пачнецца рэалізацыя пілотнага праекта па лічбавізацыі сістэмы аховы здароўя, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 12 снежня загадчык сектара праграмна-інфармацыйнага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Віктар Сідарэнка.

У якасці пілотных рэгіёнаў выбраны Менск, Менская і Гарадзенская вобласці. Большасць работ па лічбавізацыі там павінны завяршыцца да канца 2022 года, адзначыў ён.

У рамках праекта будуць інфарматызаваныя шэраг устаноў аховы здароўя, пачынаючы з пракладкі новых інжынерных сетак з падключэннем да шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт, стварэння абароненых каналаў сувязі і заканчваючы набыццём камп’ютараў і тэхнікі. Таксама персанал навучаць працы з такімі сістэмамі.

Паводле слоў Сідарэнкі, фінансаванне развіцця электроннай аховы здароўя ў краіне ажыццяўляецца з трох крыніц. Гэта сродкі дзяржпраграм развіцця лічбавай эканомікі на 2016-2020 гады і „Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2016-2020 гады, а таксама сродкі мясцовых бюджэтаў. З наступнага года фінансаванне праекта мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя Беларусі будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў пазыкі Сусветнага банка, адзначыў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Перш за ўсё гэта тычыцца пілотных рэгіёнаў — Менска, Менскай і Гарадзенскай абласцей, а таксама сеткі рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў.

„За першую палову 2018 года фінансавыя затраты на інфарматызацыю аховы здароўя склалі каля 8 млн рублёў па ўсёй краіне, — адзначыў Сідарэнка. — На наступны год мы яшчэ бюджэт не складалі, але, аналізуючы нашы выдаткі і патрэбы, бачым, што кожны год расходы павялічваюцца ў паўтара разу”.

Сідарэнка расказаў, што ў 2019 годзе плануецца ўнесці змены ў закон аб ахове здароўя, дзе будуць дакладна прапісаны ўсе правы, абавязкі і задачы электроннай аховы здароўя.

Прадугледжваецца, што ўся апрацоўка персанальных дадзеных пацыента ў электронных інфармацыйных сістэмах будзе рабіцца толькі з яго пісьмовай згоды. „Калі пацыент з нейкіх меркаванняў, напрыклад рэлігійных і іншых, адмаўляецца ад апрацоўкі яго дадзеных у інфармацыйных сістэмах, то для яго ўся дакументацыя будзе весціся на папяровым носьбіце”, — растлумачыў Сідарэнка.

У першую чаргу электронныя амбулаторныя карты заводзяцца на новых пацыентаў і нованароджаных, паведаміў ён. Паслядоўна будуць пераводзіцца карты пажылых пацыентаў, пачынаючы з нядаўняй інфармацыі да больш старой.

Адказваючы на пытанне пра лёс папяровых амбулаторных карт пасля іх пераводу ў электронны фармат, Сідарэнка паведаміў: „Гаворка пра знішчэнне папяровага варыянту медкарты не ідзе. Карта перадаецца ў архіў і захоўваецца там на працягу пэўнага часу, прадугледжанага заканадаўствам. У большасці выпадкаў гэта пяць гадоў. У нейкіх выпадках магчымыя адхіленні ў тэрмінах у бок іх павелічэння”.

Таксама да 2022 года плануецца аб’яднаць усе індывідуальныя карты пацыентаў, створаныя ў розных установах аховы здароўя рознай формы ўласнасці, у адну агульную. Агульная карта будзе ўтрымліваць звесткі медкарт і пацыентаў ведамасных паліклінік сістэмы МУС, Мінабароны, санаторных устаноў.

belapan.by